Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетні літаратурна-мастацкі драздовіцкі пленэр будзе прысьвечаны Васілю Быкаву


Галіна Жарко, Віцебск Сёньня на Віцебшчыне ў роднай вёсцы Васіля Быкава пачынаецца мастацкі пленэр прысьвечаны 80-годьдзю зь дня нараджэньня пісьменьніка. Але на Ўшаччыну зьехаліся ня толькі мастакі, але й пісьменьнікі.

Пісьменьнікі будуць з мастакамі ў дзень адкрыцьця, мастакі ж будуць працаваць цягам двух тыдняў. Гэта знакаміты пленэр Язэпа Драздовіча. Пачынальнікам традыцыі быў Міхась Райчонак – выкладчык беларускае літаратуры Віцебскага ўнівэрсытэта, пісьменьнік, паэт, краязнаўца, этнограф... Учора ў вёсцы Германавічы на Шаркаўшчыне адкрылася мастацкая галерэя, дакладней – літаратурна-мастацкі музей імя Міхася Райчонка. Цяперашняя старшыня культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак, маці Міхася, кажа так:

(Райчонак: ) “Ён памёр і пакінуў мне ў спадчыну шмат, шмат працы. Мы правялі 10 драздовіцкіх пленэраў. Апошні, леташні, быў прысьвечаны Галакосту. І вось сёлетні – Васілю Быкаву. Быкаў ня толькі наш, ён належыць ня толькі Беларусі, але ўсяму сьвету. Праз пленэры прайшло шмат мастакоў, нават ня можам узяць усіх жадаючых”.

Адметнасьць гэтага пленэру ў тым, што ён – літаратурна-мастацкі. Шмат хто зь вядомых мастакоў прыехаў, каб працаваць на пленэры: Аляксей і Ігар Марачкіны, Уладзімер Сулкоўскі, Аляксей Шатэрнік, Рыгор Батальёнак, Алесь Пушкін... Мастакі з Горадні, Пінска, Гомеля, Маладзечна і, вядома, зь Віцебшчыны.

Але сёньня – дзень сьвяточны, адкрыцьцё. І ў Бычках на Ўшаччыне разам з мастакамі знаходзяцца пісьменьнікі й паэты – Сяргей Законьнікаў, Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, Франц Сіўко... Усіх не пералічыш. Шмат землякоў Васіля Быкава. Сяргей Законьнікаў таксама з тых мясьцінаў. Вось што ён кажа:

(Законьнікаў: ) “Мастакі, якія паглядзяць на ўсё гэта, наша ўшацкае, гэта іх натхніць... Наша зямля бедная на ўражай. Падзол, камяні. Але ў нашым жыцьці ёсьць ня толькі матэрыяльнае, ёсьць нешта больш значнае. Сама зямная прыгажосьць, сам дух гэтай зямлі, які дапамагаў і Васілю Ўладзіміравічу ў ягонай творчасьці, дапаможа па-іншаму паглядзець і на сябе, і на сваю творчасьць. Гэты край заўсёды шмат даваў нам для творчасьці. Нам, беларусам, якія заўсёды былі пад ціскам абставін, акалічнасьцяў, ня трэба здавацца. У апошнія дні перачытваў “Знак бяды” і дзівіўся, як глыбока ён паказаў і тыя нізіны, і тыя вяршыні, на якія мы можам падымацца. Нам трэба імкнуцца да вяршынь і вышынь...”

Пасьля кожнага пленэру адбываюцца мастацкія выставы ў Віцебску, Полацку, Менску і раённых цэнтрах Віцебшчыны. Застаецца пажадаць натхненьня й мастакам і пісьменьнікам. І чакайма выбітных твораў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG