Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршаецца фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў


Уладзімер Глод, Менск 5 жніўня, згодна з Выбарчым кодэксам, завяршаецца арганізацыйнае фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У кожнай з 110 акруговых камісіяў альбо ўжо вызначаны, альбо сёньня будуць прызначаныя кіруючыя органы: старшыні камісіяў, іхныя намесьнікі ды сакратары. Ці шмат у новых камісіях, у тым ліку й на кіруючых пасадах, застаецца тых, хто забясьпечыў перамогу “партыі ўлады” чатыры гады таму, на мінулых выбарах?

Непасрэдным штуршком для распрацоўкі гэтай тэмы стала мая размова з дэпутатам Уладзімерам Навасядам. Чатыры гады таму яго абралі ў парлямэнт па Купалаўскай выбарчай акрузе ў Менску. Учора спадар Навасяд, які хоча балятавацца ў палату зноў, зайшоў у акруговую выбарчую камісію, каб зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Я спытаў дэпутата, наколькі зьмяніўся склад выбарчай камісіі параўнальна зь мінулай выбарчай кампаніяй. І вось што ён мне адказаў:

(Навасяд: ) “Старшыня застаўся той самы. Прыкладна 70% сябраў камісіі – тыя ж самыя людзі, што былі ў камісіі й чатыры гады таму”.

Гэта прыклад толькі адной акругі. А як выглядае агульная карціна? Учора сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік на сваёй прэсавай канфэрэнцыі прыводзіў шмат самых разнастайных лічбаў. Але, здаецца, ён так і не параўнаў склад сёлетніх камісіяў з тымі, што працавалі на мінулых парлямэнцкіх выбарах? Вось што адказаў на гэтае пытаньне спадар Лазавік у размове, якая адбылася ўжо пасьля прэсавай канфэрэнцыі:

(Лазавік: ) “Тых жа самых? Не лічылі. Увогуле, гэта можна ўстанавіць, калі падлічыць па камісіях. Калі як журналісту задацца такой мэтай, правесьці дасьледаваньне, колькі дзе засталося старых сяброў камісіяў. Але Цэнтрвыбаркам гэтымі падлікамі пакуль не займаецца”.

Такім чынам, я скарыстаўся парадай сакратара Цэнтрвыбаркаму. І зразумеў, што ў гэтай тэме ёсьць цікавыя сюжэты. Вось адзін прыклад: чатыры гады таму ў парлямэнцкай кампаніі ў Віцебску актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Я пацікавіўся ў Алены Фаміной, як выглядае тут склад выбарчых камісіяў сёлета параўнальна з папярэднімі выбарамі. З адказу спадарыні Фаміной, бачна, што тут мясцовая вэртыкаль, падобна, вырашыла схітрыць. Якім чынам?

(Фаміна: ) “Я прагледзела ўсе пяць нашых акругаў – з 17-й па 21-ю. Прозьвішчы тут збольшага абсалютна іншыя, гэтыя людзі раней ня былі ў гэтых камісіях. Але ў мяне ёсьць старыя сьпісы. Яны раней былі ў іншых камісіях, а цяпер нейкім чынам трапілі ў гэтыя камісіі”.

Вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісій далі падставу незалежным назіральнікам казаць пра тое, што выбары ў Палату прадстаўнікоў, прызначаныя на кастрычнік 2004 году, ня будуць настолькі адкрытымі, якімі яны маглі б быць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG