Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Глыбоччыне могуць быць дыямэнты


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд беларускіх газэт

Баранавіцкая газэта “Интекс-пресс” тэмай тыдня абрала выбарчую кампанію. Яна праясьняе далейшы лёс трох дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Аказалася, што дэпутат Мікалай Сергіенка хоча абрацца на другі, а Барыс Бікінін на трэці тэрмін. Яшчэ адзін дэпутат з Баранавічаў, Уладзімер Зеневіч, трывала пусьціў карані ў Менску і, верагодна, застанецца тут працаваць.

Далей “Интекс-пресс” распавядае, як супрацоўнік дзяржаўнай аўтаінспэкцыі прымяніў зброю, спрабуючы спыніць двух маладых людзей, якія ехалі на матацыкле ў вёсцы Новая мыш. Абодва матацыклісты атрымалі раненьні. Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў пакуль не разабраліся, ці меў права інспэктар прымяняць зброю. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.

“Интекс-пресс” таксама піша пра візыт у Баранавічы супрацоўніка нямецкага фонду “Мэмарыял зьнішчаным гэбраям Эўропы” Аляксандра Бракеля. Ён зьбірае матэрыялы пра помнікі на месцах расстрэлаў у Беларусі ў гады вайны. Інфармацыя трапіць у экспазыцыю спэцыяльнага мэмарыялу ў цэнтры Бэрліна.

Масавая эміграцыя гэбраяў прывяла да выкіду дадатковых плошчаў на рынак жыльля, цьвердзіць у камэнтары газэце “Вечерний Бобруйск” дырэктар завода домабудаўнітцва. Гэта адна з прычынаў, якія перашкаджаюць узьвядзеньню жыльля ў горадзе. Але галоўнай застаецца нізкая пакупніцкая здольнасьць жыхароў гэтага індустрыяльнага цэнтра. Каб панізіць кошты на жыльлё, неабходна паменшыць падаткі для будаўнічых прадпрыемстваў і цэны на будаўнічыя матэрыялы.

Падведзеныя вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Горадні за першае паўгодзьдзе. Улады рапартуюць пра посьпехі. Але, як піша газэта “Биржа информации”, ня ўсе прагнозы збываюцца. 11 заводаў не дасягнулі ўзроўню мінулага года па вытворчасьці прамысловай прадукцыі. Сярод іх – пальчатная фабрыка “Акцэнт”, “Гарадзенскі бровар” і іншыя. Яшчэ 14 прадпрыемстваў панізілі аб’ём вытворчасьці спажывецкіх тавараў. Асноўныя прычыны – у тэхналягічным адставаньні. Да таго ж, амаль палова вырабленай прадукцыі застаецца на складах, і з гэтай прычыны, піша газэта “Биржа информации”, уладам наўрад ці ўдасца падвысіць заробкі напрыканцы года да 195 даляраў.

“Биржа информации” зьмясьціла таксама артыкул пра жыцьцё за сьценамі гарадзенскай турмы. У спэцыяльнай турэмнай школе праводзіцца псыхалягічная і сацыяльная падрыхтоўка 44 асуджаных, якіх неўзабаве выпусьцяць на волю. Лічыцца, што асабліва цяжкі пэрыяд у зьняволеных менавіта ў апошнія паўгады, бо яны павінны знайсьці працу і жыльлё. Псыхолягам вельмі цяжка пераканаць “доўгатэрміновых” вязьняў, што іх жыцьцё ня скончылася.

Газэта “Бресткий курьер” распавядае, што ў памежных вёсках Берасьцейшчыны пачасьціліся спробы незаконнага перагону кароў у суседнюю краіну. Да прыкладу, на ўчастку Пінскага памежнага атрада былі затрыманыя шасьцёра жыхароў вёскі Дзівін Кобрынскага раёна, якія гналі на продаж ва Ўкраіну статак з 13-ці кароў. За апошні час гэта самая значная партыя жывёлін, якіх беларусы спрабавалі даставіць за мяжу, бо там закупачныя цэны лепшыя, чым у Беларусі.

З газэты “Вольнае Глыбокае”: жыхары вёсак Станелевічы і Дзеткава на Глыбоччыне назіраюць за працай буравых установак “Белгеалёгіі”. Спэцыялісты вышукваюць залежы дыямэнтаў. Паводле навукоўцаў, у гэтай мясцовасьці, а таксама на землях суседняга, Шаркоўшчынскага раёна, дзе захаваліся прыродныя ўтварэньні ледніковых адкладаньняў, трэба весьці актыўны пошук дыямэнтаў. На правядзеньне працы дадзены дазвол тэрмінам на адзін год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG