Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі “Пяцёркі плюс” дапамогуць кандыдатам Партыі працы ў часе выбарнай кампаніі


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэры дэмакратычных партый, якія падтрымліваюць ініцыятыву “Пяцёрка плюс”, вырашылі аказаць юрыдычную й палітычную дапамогу зьліквідаванай Партыі працы – каб усе ейныя кандыдаты змаглі ўзяць удзел у восеньскай выбарнай кампаніі.

4 жніўня адбылася нарада прадстаўнікоў партый, якія падтрымліваюць народную ініцыятыву “Пяцёрка плюс”. У выніку – лідэры БНФ, АГП, БСДГ і ПКБ прынялі сумесную заяву, у якой выказваюць пратэст і патрабуюць адмены судовага рашэньня ў справе зьліквідаваньня Партыі працы. Акрамя гэтага, лідэры “Пяцёркі” абмяркоўвалі супольныя мэтады, якімі можна супрацьстаяць дзеяньням уладаў.

У часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі лідэр зьліквідаванай Партыі працы Аляксандар Бухвостаў выказаў думку, што дзеяньні ўладаў змусяць апазыцыйныя сілы да яшчэ большай кансалідацыі.

(Бухвостаў: ) “Мы будзем удзельнічаць у выбарнай кампаніі тымі сіламі, што й плянавалі. Партыя будзе дзейнічаць. Я думаю, што ў Беларусі склалася спрыяльная сытуацыя для ўмацаваньня дэмакратычна настроеных, апазыцыйных сіл. Мы зьліквідавалі ўсе нашыя ідэалягічныя бар’еры, якія не дазвалялі нам выступаць адзіным фронтам. І цяпер, думаю, ідэя стварэньня адзінага дэмакратычнага, антылукашэнкаўскага фронту будзе разьвівацца”.

Партыя працы будзе вылучаць кандыдатамі на дэпутатаў 7 чалавек. Цяпер ужо – шляхам збору подпісаў. Тым часам іншыя дэмакратычныя партыі прапанавалі сваю юрыдычную дапамогу ў справе аднаўленьня рэгістрацыі. Камэнтуе намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр.

(Альфэр: ) “На сёньняшні дзень палітычныя партыі фактычна не абаронены ад захадаў Міністэрства юстыцыі й Вярхоўнага суду, якія, паводле фармальных прыкмет, могуць зьліквідаваць любую партыю. Што тычыцца Беларускай партыі працы, – ёсьць дамова палітычных партый дапамагчы сваімі юрыдычнымі сіламі ў справе абароны гэтай партыі. Таксама будуць рабіць іншыя захады, у межах сваёй кампэтэнцыі, каб дзейнасьць Партыі працы была адноўлена”.

Партыя працы зьбіраецца днямі падаць пазоў старшыні Вярхоўнага суду ў справе адмены рашэньня аб ліквідацыі. Бо ўсьлед можа быць зьліквідавана газэта “Рабочая салідарнасьць”, заснавальніцай якой ёсьць Партыя працы. Партыя БНФ таксама абяцае Партыі працы сваю дапамогу ў часе выбарчай кампаніі. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Найлепшая стратэгія абароны – гэта папулярнасьць нашых партый, грамадзкай ініцыятывы “Пяцёрка плюс” і пяці крокаў да лепшага жыцьця. Менавіта таму ўлады й скіравалі вастрыё сваёй атакі на нас. Натуральна, мы дапаможам Партыі працы, каб яна магла паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарнай кампаніі. Сёньня мы прынялі дастаткова грунтоўную заяву салідарнасьці зь Беларускай партыяй працы. Безумоўна, факт зьліквідаваньня партыі адназначна пацьвярджае, ШТО насамрэч Лукашэнка называе выбарамі”.

На абарону Партыі працы выступіла й Сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”.

Гл. таксама Партыя працы ліквідаваная рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG