Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаць, што ў краіне зьявіліся “свабодныя грошы” на пэнсіі азначае ўводзіць людзей у зман


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд незалежнай прэсы

Беларусы гатовы падтрымаць праціўніка Лукашэнкі, але пакуль ня ведаюць такога чалавека. Пад такім загалоўкам “Народная воля” друкуе сёньня матэрыялы Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Сацыёлягі цьвердзяць, што толькі 30 працэнтаў апытаных указалі, што Аляксандар Лукашэнка ў цэлым дастаткова добра кіраваў краінай і што яго патрэбна зноў абраць прэзыдэнтам на наступных выбарах. Больш за палову апытаных упэўненыя, што нехта іншы павінен заняць гэтую пасаду. Сацыёлягі таксама адзначаюць спыненьне росту рэйтынга кіраўніка краіны.

Асноўны матэрыял газэты “Мясцовы час” – пра канфлікт на адкрытым акцыянэрным таварыстве “Палесьсе”, якое выпускае трыкатажныя вырабы. Рабочыя незадаволеныя тым, што частку заробка ім выдаюць касьцюмамі ды швэдрамі. Прычым, як адзначае газэта, для такога заробка выкарыстоўваецца прадукцыя, якая заляжалася на складах і не карыстаецца попытам.

Бізнэсоўцы з Баўгарыі спрабуюць наладзіць сваю справу ў Пінску. Паводле газэты “Мясцовы час”, цяпер у горадзе гасьцюе дэлегацыя баўгарцаў, якія зьбіраюцца адчыніць сумеснае прадпрыемства разам зь дзяржаўным малочным камбінатам. Тут усталююць швайцарскую лінію па вырабе сыроў розных гатункаў паводле швайцарскай тэхналёгіі. Спачатку плянуецца выпускаць тону сыроў у зьмену. Калі ўсё будзе добра, баўгарцы паспрабуюць наладзіць у Пінску зборку паўпрычэпаў і фураў для перавозкі віна і малочных прадуктаў. Самае цікавае, што бізнэсоўцы ўкладаюць грошы ў тыя прадпрыемствы, якія цяпер амаль што не працуюць.

“Газета Слонимская” распавядае, як у дзяржаўных і гаспадарчых арганізацыях выкарыстоўваецца службовы і спэцыяльны транспарт. Праверкі, праведзеныя ў Гарадзенскай вобласьці камітэтам дзяржаўнага кантролю выявілі шэраг парушэньняў. У вытворчай управе “Слонімміжрайгаз” ёсьць службовы аўтамабіль і тры спэцыяльныя. Але замест паездак на газаправоды і аб’екты транспартнай сыстэмы чыноўнікі выкарыстоўвалі гэты транспарт не па прызначэньні – для візытаў у выканкам на нарады. У аддзеле культуры Слонімскага райвыканкама спэцыяльны аўтамабіль выкарыстоўваўся для вырашэньня розных гаспадарчых пытаньняў. Апроч таго, на машыне няма надпісу “культурна-асьветніцкая”.

Газэта “Курьер из Борисова” распавядае, адкуль бяруцца грошы на падвышэньне пэнсій. Гэтыя сродкі зьбірае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Потым яны перадаюцца ў бюджэт краіны і разьмяркоўваюцца па абласьцях. Менавіта з гэтага фонду і выплочваюцца грошы пэнсіянэрам. Яго аддзяленьням загадана максымальна папоўніць рахункі. У Барысаве зьбіраюць даволі значныя сумы. Да прыкладу, штомесячных унёскаў хапіла б для выплаты пэнсій усім барысаўскім і раённым пэнсіянэрам. Пераважна ўсе прадпрыемствы гораду спраўна плацяць у фонд. Аднак ёсьць тры хранічныя даўжнікі: крыштальны завод, “Барысдрэў” і швейная фабрыка. Казаць, што ў краіне зьявіліся “свабодныя грошы”, якія вырашана аддаць на пэнсіі, азначае ўводзіць людзей у зман. За падвышэньне пэнсій ў краіне будзе разьлічвацца ўсё той жа фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

“Курьер из Борисова” таксама распавядае, што цягам трох месяцаў пасьля адкрыцьця медвыцьвярэзьніка ў Барысаве, там пабывала амаль 700 чалавек. Выцьвярэзьнік месьціцца ў адным з будынкаў былой гарадзкой турмы. Начальнік установы сказаў, што занадта агрэсіўных пацыентаў даводзіцца прыкручваць да ложка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG