Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць рэдакцыі газэты “Народная воля”


Ганна Соусь, Менск У адпаведнасьці з судовымі рашэньнямі, газэта мусіць выплаціць 15 мільёнаў рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі бізнэсоўцу й заснавальніку газэты “Обозреватель” Сяргею Атрошчанку й 50 мільёнаў рублёў былому старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову. Паводле намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, калі рэдакцыя за 10-дзённы тэрмін ня выплаціць гэтае сумы, улады могуць распачаць канфіскацыю маёмасьці “Народнай волі”.

Рэдакцыя “Народная волі” месьціцца ў некалькіх пакоях у паўсклепавым памяшканьні ў цэнтры Менску. Калі я сёньня прыйшла туды, усю маёмасьць “Народнай волі” ўжо апісалі судовыя выканаўцы, і галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч падпісаў адпаведны акт.

Распавядае намесьнік галоўнага рэдактара “Народнай волі” Аляксандар Сіліч.

(Cіліч: ) “Яны ўжо сюды прыходзяць, як на працу, і апісваюць маёмасьць. Учора сядзелі ў нас у агульнай залі, дзе журналісты працуюць, а сёньня ўжо – у кабінэце працавалі, насупраць Іосіфа Паўлавіча”.

(Карэспандэнтка: ) “Што яны апісалі, якую тэхніку?”

(Сіліч: ) “Наколькі я разумею, яны ўсё апісваюць, – пачынаючы з кампутараў, і заканчваючы сталамі. Мы прызвычаіліся ўжо да ўсяго гэтага, бо ў нас ужо апісвалі маёмасьць. Спадзяёмся, што гэта нам не перашкодзіць. Пэўны час таму мы ўжо былі змушаны працаваць дома, рабіць матэрыялы на хатніх кампутарах і на дыскетах прыносіць у рэдакцыю – і гэтак рабіць нумар. Таму й цяпер мы гатовы працаваць у любых умовах”.

Упэўненасьць Аляксандра Сілча падзяляе й галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч. “Народная воля” ва ўсялякіх варунках будзе выходзіць, – гаворыць ён. – Мы ладзім своеасаблівы экспэрымэнт: хочам паказаць на ўласным досьведзе, якім чынам у нас працуе судовая сыстэма. Мы пройдзем усе судовыя інстынцыі, і потым пачнем друкаваць сэрыю артыкулаў пра дзейнасьць прадстаўнікоў судовай сыстэмы”.

Іосіф Сярэдзіч паведаміў Радыё Свабода, што рашэньні суду паводле пазоваў Сяргея Артошчанкі яшчэ будуць абскарджвацца.

Як патлумачыў Радыё Свабода намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які быў прадстаўніком “Народнай волі” на судовых працэсах, праз 10 дзён судовыя выканаўцы могуць пачаць прадаваць маёмасьць рэдакцыі, калі “Народная воля” ня выплаціць прызначаных судом кампэнсацый.

(Бастунец: ) “Яны могуць гэтую маёмасьць пачаць прадаваць праз камісійныя крамы, і выручаныя грошы накіроўваць на выплату гэтых спагнаньняў. У свой час у рэдактара “Нашай свабоды” Паўла Жука былі сканфіскаваны кампутары. Між іншым, паводле дакумэнтаў, яны належалі іншым фізычным асобам. Але гэтага так і не ўдалося абскардзіць. Усё было рэалізавана паводле пазову Тозіка”.

Нагадаю: з рашэньня суду, “Народная воля” мусіць выплаціць 50 мільёнаў рублёў былому старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову, які цяпер знаходзіцца за кратамі, і яшчэ 15 мільёнаў рублёў – заснавальніку газэты “Оброзреватель” Сяргею Атрошчанку. Суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў, што надрукаваныя ў артыкуле “Якому бізнэсу ў Беларусі добра?” зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці ды абражаюць гонар, годнасьць і спраўную рэпутацыю спадара Атрошчанкі.

Сёлета ў лютым бізнэсовец Атрошчанка, дарэчы, выйграў яшчэ адзін суд – з прычыны публікацыі ў “Народнай волі” “Як “Обозреватель” Сяргея Атрошчанкі па-бандыцку абышоўся зь Леанідам Левіным”. Але тады суд адмовіў яму ў выплаце кампэнсацыі памеру 50 мільёнаў рублёў. Усяго разам з судовымі выдаткамі газэта павінна выплаціць каля 67 мільёнаў рублёў – гэта больш за 30 тысяч даляраў.

На фотаздымку: Галоўны рэдактар газэты "Народная Воля" Іосіф Сярэдзіч размаўляе зь міліцыянтам падчас пікету на Кастрычніцкай плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG