Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва скончана: Леванеўскі й Васільеў пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы пра абразу прэзыдэнта


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні скончана сьледзтва па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Зьвінавачаных двух – гэта кіраўнікі незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі й Аляксандар Васільеў. Сёньня яны ўпершыню ўбачылі матэрыялы сваёй крымінальнай справы, якія склалі шэсьць тамоў.

Сьледзтва вёў старшы сьледчы Ленінскай раённай пракуратуры Альфрэд Танкевіч. Я папрасіў яго падсумаваць вынікі справы. Але ён быў нешматслоўны.

(Танкевіч: ) “Зь сёньняшняга дня ідзе азнаямленьне з матэрыяламі справы”.

(Карэспандэнт: ) “Якая на дадзены момант канчатковая выснова сьледзтва: каго й за што абвінавачваюць?”

(Танкевіч: ) “358 артыкул Крымінальнага кодэксу, частка другая. У Васільева яшчэ й 342 артыкул”.

Артыкул 368, пра які сказаў сьледчы Танкевіч, – агульны для Леванеўскага й Васільева. Паводле яго, абодвух падсьледных зьвінавачваюць за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. У зьвінавачаньні цяпер удакладнена: яны ўдвох распаўсюдзілі ўлётку, на адвароце якой надрукаваны верш на рускай мове “Рахунак за камунальныя паслугі або “жыроўка”, які, нібыта, абражае прэзыдэнта.

Спадара Леванеўскага падчас сьледзтва трымалі за кратамі, дзе ён сядзіць 94 дзень. З матэрыяламі крымінальнай справы ён знаёміцца ў турме з прысутнасьцю свайго адваката. Аляксандар Васільеў, тым часам, тое самае рабіў у Ленінскай раённай пракуратуры. Ягоныя ўражаньні ад першых трох тамоў такія.

(Васільеў: ) “Сабралі ўсе нашыя бюлетэні за некалькі гадоў. І вось яны лічаць, што работа, якую мы праводзілі, – накіравана на дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі”.

Тут маюцца на ўвазе бюлетэнь “Предприниматель” ды іншыя, у якіх спадары Леванеўскі й Васільеў асьвятлялі праблемы прадпрымальнікаў і іхныя акцыі пратэсту. На цяперашні час Аляксандра Васільева таксама зьвінавачваюць за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу 1 траўня ў Горадні, пасьля якога адбылося несанкцыянаванае шэсьце з грубым парушэньнем грамадзкага парадку – прынамсі, гэтак лічыць сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG