Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Керы: “Я ведаю, што трэба рабіць у Іраку”


Юрась Бушлякоў, Прага Амэрыканскія дэмакраты аформілі гэтым тыднем свой выбар: кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратычнай партыі Джон Керы афіцыйна пагадзіўся на ўдзел у сёлетняй кампаніі. Хто ён, супернік Джорджа Буша? Што можа прынесьці Керы Амэрыцы й сьвету?

“Мы павінны выбраць за капітана нашага карабля сьмелага чалавека, які ведае, як весьці судна праз разьюшанае мора ў спакойныя воды, пад пагоднае неба... Гэта нашая місія. Дык згуртуймася ж сёньня й скажам Амэрыцы гучна й ясна: “Пасылайце Джона Керы”.

Гэтымі словамі экс-прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан зьвяртаўся днямі да паплечнікаў-дэмакратаў, сабраных на зьезьдзе ў Бостане.

Першы раз Амэрыка пачула Джона Керы на пачатку 1970-х – пачула гарачага, умелага ў аргумэнтах прыхільніка заканчэньня амэрыканскай апэрацыі ў Віетнаме. Лейтэнант Керы быў толькі-толькі зь Віетнаму – тройчы паранены там і адзначаны за геройства трыма мэдалямі. У Віетнам Керы, сын пасьпяховага дыплямата, паехаў з уласнае волі. Але ягонае стаўленьне да вайны кардынальна зьмянілася на самой вайне. Па вяртаньні ў ЗША Керы – антываенны трыбун: у 1972-м ад імя віетнамскіх вэтэранаў ён выступае перад сэнацкім камітэтам у Вашынгтоне. Свае пачуцьці й пачуцьці мільёнаў амэрыканцаў Керы абагульняе ўсяго ў двух пытаньнях: “Як вы скажаце чалавеку: будзь апошнім, хто аддасьць сваё жыцьцё ў Віетнаме? Як Вы скажаце чалавеку: будзь апошнім, хто памрэ за памылку?”

У 1972-м Джон Керы ўдзельнічае ў выбарах у Кангрэс і прайграе. Падахвочаны паразаю, ён вучыцца на юрыста, а скончыўшы навуку працуе пракурорам у родным для сябе штаце Масачусэтс. У 1982-м Керы абіраюць за намесьніка губэрнатара Масачусэтсу. Яшчэ праз два гады ён выйграе адно з двух месцаў ад штату ў Сэнаце. Цяперашняе дэпутацтва ў Сэнаце для Джона Керы ўжо чацьвёртае. Сэнатар Керы нязьменна галасаваў за дзяржаўную падтрымку страхаваньня здароўя маламаёмасных і за разьвіцьцё дзяржаўнай адукацыі, падтрымліваў законапраекты, скіраваныя на лепшую ахову навакольнага асяродзьдзя.

У сёлетняй палітычнай кампаніі Керы актыўна крытыкуе Бушаву практыку змаганьня з тэрарызмам. Керы лічыць, што дзейны прэзыдэнт ЗША ня вычарпаў усіх дыпляматычных магчымасьцяў перад уварваньнем амэрыканскіх войскаў у Ірак. На думку кандыдата ад дэмакратаў, Бушава палітыка зрабіла амэрыканцаў больш безабароннымі перад нападамі тэрарыстаў.

“Мы былі ўведзеныя ў зман, што да зброі масавага зьнішчэньня. Мы былі ўведзеныя ў зман адносна доказаў, дэманстраваных Кангрэсу Злучаных Штатаў, і нас уводзяць у зман цяпер, калі выдаткі на апэрацыю ў Іраку нават ня ўзятыя пад увагу ў бюджэце прэзыдэнта” – гэтак гаварыў Керы колькі месяцаў назад, і гэтак ці падобным чынам ён гаворыць і сёньня.

Апанэнты тым часам закідаюць кандыдату ад дэмакратаў супярэчлівасьць у дзеяньнях і выказваньнях. Прыпамінаюць, напрыклад, што Керы галасаваў за рэзалюцыю Кангрэсу, якая давала дазвол Джорджу Бушу на выкарыстаньне ў разе патрэбы вайсковае сілы ў Іраку. Сам Керы тлумачыць той свой ход так: ён даваў Бушу права весьці вайну ў Іраку, спрабуючы тым самым узмацніць дыпляматычныя намаганьні супраць Садама Хусэйна.

“Я ведаю, што трэба рабіць у Іраку”, заявіў у чацьвер Керы на трыбуне зьезду дэмакратаў у Бостане. Керы паабяцаў абараніць Амэрыку ад тэрарызму, пакляўшыся пры гэтым ніколі не пачынаць вайны, калі на тое няма крайняй патрэбы.

Эфэктная прамова Керы ў Бостане ўжо прынесла яму новых прыхільнікаў. Паводле зьвестак апошняга апытаньня, за Керы гатовыя сёньня галасаваць 48 працэнтаў амэрыканцаў, тым часам як за цяперашняга гаспадара Белага дому – толькі 43 працэнты.
XS
SM
MD
LG