Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтудэнтаў ЭГУ адмаўляюцца прымаць у дзяржаўныя ВНУ


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, закрытага паводле загаду Міністэрства адукацыі, распачало працэс пераводу студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы Менску. Аднак дзяржаўныя ВНУ не гатовыя іх прыняць – з адсутнасьці дадатковай матэрыяльнай базы. Многія студэнты ЭГУ наагул засталіся бяз выбару. Бо ў Беларусі няма ніводнага ўнівэрсытэту, у якіх меліся б адпаведныя факультэты й навучальныя праграмы.

Над уваходам у навучальны корпус унівэрсытэту цяпер прымацаваны плякат з надпісам “ЭГУ павінен жыць!” Пад ім, на прыступках будынку, гэтымі днямі сядзяць многія студэнты, выказваючы гэткім чынам пратэст супраць закрыцьця ВНУ. Вось што сказалі яны ў інтэрвію Радыё Свабода.

(Студэнтка: ) “Мы будзем заставацца тут да 5 жніўня – змагацца за наш унівэрсытэт. Бо прыходзілі мы сюды па эўрапейскую адукацыю. Але цяпер мы яе атрымаць ня можам. Дзякуючы некаторым людзям, якім здаецца, што наш рэктар можа балятавацца на пасаду прэзыдэнта”.

(Студэнтка: ) “Такую адукацыю мы можам атрымаць толькі ў гэтым ВНУ, і не жадаем нікуды пераходзіць”.

А між тым, кіраўніцтва ўнівэрсытэту пачало выдаваць дакумэнты для пераходу студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы. Адмысловае распараджэньне Міністэрства адукацыі – пра абавязковы прыём студэнтаў ЭГУ – падпісалі рэктары ўсіх ВНУ. Аднак у дзяржаўныя навучальныя установы іх прыняць адмаўляюцца.

(Студэнтка: ) “Учора хадзілі ў БДУ. Але нам сказалі: “Ідзіце ў свае камэрцыйныя ВНУ”. Куды б мы ні пайшлі, – кажуць: “ЭГУ? Вы нам не патрэбны”. Ні ў адным ВНУ нас не бяруць. Адусюль адсылаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “І які ваш цяперашні лёс?”

(Студэнтка: ) “Мы ня ведаем. Нас могуць перавесьці ў Інстытут парлямэнтарызму й прадпрымальніцтва. Але мы ведаем, што на наступны год і ён будзе закрыты. Ня ведаем, што рабіць, куды дзявацца. І што будзе заўтра?”

Дэкан факультэту права Ала Сакалова гэтую сытуацыю пракамэнтавала наступным чынам.

(Сакалова: ) “Міністэрства аказалася не гатовым да гэтага. БДУ – таксама негатовы: у іх няма плошчаў. Прынамсі, патрэбнай колькасьці. Але, прабачце, – гэта ўжо ёсьць праблемаю дзяржавы. Я спадзяюся, што Міністэрства ўсё ж-такі патрэбныя мэханізмы адпрацуе, а рэктары ВНУ з разуменьнем паставяцца да праблемы: ня мы закрыліся, а нас закрылі – неправамоцна, незаконна, несправядліва”.

Дарэчы, некаторыя факультэты ЭГУ наагул ня маюць аналягаў у іншых ВНУ краіны. Гэтую праблему бацькі асобных студэнтаў намерваюцца вырашаць прыватным чынам. Гаворыць адзін зь іх – Аляксандар Будзілоўскі.

(Будзілоўскі: ) “У нас спэцыфічны факультэт нават у гэтым унівэрсытэце – франка-беларускі. Варыянт толькі адзін – зьяжджаць з Рэспублікі Беларусь дзеля далейшага працягу адукацыі. Патрэбны сродкі. А гэта – як вы ведаеце – у нашай краіне хворае месца. Вось і праблема ў людзей. На роўным месцы”.

Студэнты-выдатнікі, якія з прычыны неплацёжаздольнасьці бацькоў вучыліся ва ўнівэрсытэце бясплатна, цяпер магчымасьці сацыяльнага навучаньня пазбаўлены. Яны кажуць, што з гэтай прычыны будуць змушаны спыніць далейшую адукацыю.

Гл. таксама • Ута Цапф: Закрыцьцё ЭГУ выкліча напружанасьць паміж Беларусьсю і Эўразьвязам • Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ • Студэнты пратэстуюць супраць закрыцьця ЭГУ • “Der Spiegel” піша пра закрыцьцё ЭГУ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG