Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крынках на Беласточчыне сустрэнуцца беларусазнаўцы з усяе Эўропы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Крынках на Беласточчыне распачынаецца V “Беларускі трыялёг”, імпрэза, якую арганізоўвае Сакрат Яновіч – вядомы беларускі пісьменьнік, што жыве ў Польшчы.

Ідэя “Беларускага трыялёгу”, як кажа сам Сакрат Яновіч, гэта ўвод беларускай культуры і асабліва літаратуры ў эўрапейскую сьвядомасьць і адначасова – засвойваньне эўрапейскай літаратуры ў сьвядомасьці беларускай.

Сакрат Яновіч зьбірае ў сябе ў Крынках навукоўцаў, літаратараў, перакладчыкаў з усёй Эўропы – Нямеччыны, Францыі, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны. Вось што сказаў спадар Яновіч радыё “Свабода” ў час, калі ў Крынкі ўжо прыяжджалі першыя ўдзельнікі “Беларускага трыялёгу”:

(Яновіч: ) “Нашыя магчымасьці вельмі невялікія. Але скажу так: калі ў Эўропе ёсьць каля сотні навукоўцаў і пісьменьнікаў, якія цікавяцца польскай літаратурай і шырэй – культурай, дык такіх навукоўцаў і пісьменьнікаў, што цікавяцца беларускай літаратурай я ўжо тут налічыў каля 25. Гэта вельмі шмат, як на пачатак”.

Цягам трох дзён адмыслоўцы будуць рабіць даклады, разважаць ды дзяліцца сваімі думкамі аб праблемах сучаснай беларускай літаратуры ды аб тым, як пашырыць веды пра беларускую культуру ў сучаснай Эўропе. Паводле спадара Яновіча, гэтая апошняя праблема надалей вельмі актуальная, бо беларуская дзяржава для папулярызацыі беларускай культуры ў Эўропе ня робіць нічога.

(Яновіч: ) “Справа ў тым, што Эўропа толькі цяпер пачынае даведвацца, што ёсьць беларуская літаратура. Там ведаюць і чыталі Васіля Быкава, але на ім фактычна усё пачынаецца і канчаецца. Дык мы тут робім тое, што можам, каб беларуская культура сталася кампанэнтам культуры эўрапейскай, бо беларуская дзяржава для папулярызацыі беларускай культуры нічагуткі ня робіць. Калі гэта ня трэба дзяржаве, то трэба нам”.

Варта адзначыць, што матэрыялы, прадстаўленыя ў часе кожнага “Беларускага трыялёгу” потым выдаюцца ў шматмоўным томе пад назовам “Аnnus Albaruthenicus” ці “Беларускі гадавік”.

Напрыканцы дадам, што ў “Беларускі трыялёг” становіцца ўсё больш заўважнай падзеяй – пра яго пішуць буйнейшыя польскія газэты, распавядае тэлебачаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG