Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: у беларускага й суданскага прэзыдэнтаў падобныя погляды на міжнародныя праблемы


Валер Каліноўскі, Менск Прэзыдэнт Судану Ўмар аль-Башыр правёў сёньня перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і Сяргеем Сідорскім. Былі падпісаны двухбаковае Пагадненьне аб гандлёвым, інвэстыцыйным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве й міжурадавы пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне энэргетыкі, прамысловасьці й гандлю. Суданскі лідэр запрасіў Аляксандра Лукашэнку зь візытам на адказ.

Прэзыдэнт Судану Ўмар аль-Башыр выказаў задавальненьне, што свой першы візыт на постсавецкую прастору ён ажыцьцяўляе менавіта ў Беларусі. Дарэчы, у іншых рэгіёнах сьвету ён таксама бывае ня часта, застаючыся ў міжнароднай ізаляцыі.

Судан цяпер знаходзіцца ў эпіцэнтры міжнароднай увагі – у зьвязку з крывавымі падзеямі ў правінцыі Дарфур, дзе ісламскія баевікі з падтрымкаю цэнтральнага ўраду рабуюць, зьнішчаюць і гвалтуюць цёмнаскурае насельніцтва краіны. Там ужо загінула 50 тысяч чалавек, больш за мільён хаваецца ў лягерох уцекачоў.

Кангрэс ЗША назваў гэтыя падзеі генацыдам і заклікаў да міжнародных санкцый.

Афіцыйную Беларусь, якая гасьцінна прымае суданскага дыктатара, гэтыя зьвінавачаньні асабліва не турбуюць. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь бачыць у Судане “асабліва пэрспэктыўнага палітычнага й эканамічнага партнэра ў рэгіёне”. Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся з прэзыдэнтам аль-Башырам, заявіў, што погляды кіраўніцтва Судану й Беларусі па галоўных міжнародных праблемах супадаюць, і Беларусь не выстаўляе ніякіх папярэдніх умоваў дзеля супрацоўніцтва з Суданам.

З такой жа заявай паводле вынікаў двухбаковых перамоваў выступіў і суданскі лідэр. А дарадца суданскага кіраўніка Кудбі аль-Махдзі ў інтэрвію “Совесткой Белоруссии” заявіў, што лідэру Судану “імпануе стыль кіраваньня спадара Лукашэнкі”.

Тое, што гэты патэнцыйны партнэр Беларусі стаіць перад рэальнай пагрозай міжнародных санкцый і накіраваньня замежных міратворцаў, афіцыйны Менск не палохае. Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Васіль Пугачоў так адказаў на пытаньне Радыё Свабода пра стаўленьне афіцыйнай Беларусі да магчымых санкцый ААН дачынна Судану, пытаньне якіх цяпер разглядаецца ў Радзе Бясьпекі з ініцыятывы ЗША й Эўразьвязу.

(Пугачоў: ) “Якое будзе прынятае рашэньне – гэта ў кампэтэнцыі сябраў Рады бясьпекі ААН. Але мы спадзяёмся на тое, што многія краіны, у тым ліку, і ЗША, актывізуюць сваё супрацоўніцтва з Суданам, і мяркуем, што сытуацыя ў гэтай краіне будзе ўнармалізоўвацца. Мы на гэта разьлічваем”.

Прадстаўнікі апазыцыі жорстка крытыкуюць улады за ветлівы прыём суданскага кіраўніка. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Колькі б Лукашэнка ні чытаў напісаныя сапраўды разумнымі экспэртамі з МЗС – а, можа, Уралам Латыпавым, – словы пра тое, што Эўрапейскі зьвяз стаў нашым непасрэдным суседам, і гэта павінна быць нашым прыярытэтам, – рэальнасьць бярэ сваё. А яна такая, што не прэзыдэнт Францыі й не прэм’ер Брытаніі прыяжджаюць у Менск, а прыяжджае кіраўнік краіны, якога ў цывілізаваным сьвеце не прымаюць.

Судан належыць да краінаў-парыяў, краінаў адрынутых, і гэта таму, што там творыцца – нават па неэўрапейскіх мерках – дзікунства. Там адбываюцца этнічныя й расавыя чысткі. Гэта краіна, у якой у 21 стагодзьдзі адбываецца зарганізаваны ўладамі генацыд…

Безумоўна, цягне нешта адно да аднаго такіх людзей, як Лукашэнка й кіраўнік Судану. Цяперашняя беларуская ўлада мае свой інтарэс: ёй трэба некуды прадаваць зброю, і гэта нейкім чынам хочацца ўзаконіць. Гэта адзін з істотных матываў прыезду сюды аднаго з аўтараў сучаснага генацыду”.

Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Васіль Пугачоў не аспрэчвае, што Беларусь пастаўляе ў Судан сваю зброю. Гэтая краіна была пазначана як імпартэр беларускіх узбраеньняў у леташняй нацыянальнай справаздачы аб палітыцы экспартнага кантролю.

Нядаўна ў Судане пабывала дэлегацыя Мінабароны Беларусі. Аднак спадар Пугачоў кажа, што зброя – не галоўны беларускі тавар у Судане.

(Пугачоў: ) “Актывізуюцца пастаўкі нашай машынабудаўнічай тэхнікі, прадукцыі МАЗу, Менскага трактарнага заводу. Менавіта ў гэтым аспэкце, у аспэкце супрацоўніцтва ў энэргетычнай, сельскагаспадарчай галінах, у задавальненьні патрэб Судану ў машынабудаўчай тэхніцы мы й разьлічваем атрымліваць асноўныя дывідэнды ад узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG