Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада рыхтуе чарговую тэлевізійную “ананімку”, скіраваную супраць апазыцыі


Іна Студзінская, Менск Хутка на блакітныя экраны выйдзе новы сэрыял пра беларускую апазыцыю. Ён стане лягічным працягам цэлай плеяды фільмаў зь вельмі красамоўнымі назвамі: “Нянавісьць: дзеці ілжы”, “Палітычная пэдафілія”, “Тайныя спружыны палітыкі”, “Дарога ў нікуды”. Хто вырабляе гэтую відэапрадукцыю, якую тыражуюць па ўсіх афіцыйных тэлеканалах краіны?

Яшчэ некалькі гадоў таму аўтары палітычных блёкбастэраў не хавалі сваіх прозьвішчаў. Іх можна было прачытаць у тытрах, краіна ведала сваіх “герояў” – Юрыя Азаронка, Віктара Чыкіна (альбо Нікольскага), Юрыя Казіятку, Аляксандра Зімоўскага, па голасу пазнаць дыктара Уладзімера Баклейчава ці актора Аляксандра Падабеда. З Азаронкам, да прыкладу, у 2001 годзе судзіўся лідэр АГП Анатоль Лябедзька, і Першамайскі раённы суд нават прызнаў, што гонар і годнасьць Лябедзькі былі абражаныя. Праўда, гарадзкі суд адмяніў прысуд раённага, і Лябедзька застаўся пры сваіх інтарэсах.

Цяпер падаць зыск на канкрэтную асобу немагчыма – толькі на Дзяржтэлерадыёкампанію, таму што ўсе аўтары “шэдэўраў” кшталту “Дарогі ў нікуды” хаваюцца за псэўданімамі. Анатоль Лябедзька зноў судзіцца – цяпер ужо з трыма тэлекампаніямі, што паказалі “Дарогу”.

(Лябедзька: ) “З трох тэлекампаніяў прыйшоў толькі адзін штатны “хадок” па судох – нехта Іваноў зь юрыдычнай службы БТ. Натуральна, мы ня ўбачылі ў судзе і 10 аўтараў, якія схаваліся за псэўданімамі. Тэлерадыёкампанія не прадставіла кінавэрсію. Усе тры каналы раптам сказалі, што ў іх не захавалася копія гэтага фільма.

І вельмі цікавы дакумэнт быў прадстаўлены ў суд за подпісам намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі спадара Мартыненкі, які заявіў, што 10 творчых асобаў, якія рабілі гэты фільм, у Белтэлерадыёкампаніі ня ведаюць: ня ведаюць, як завуць гэтых людзей, дзе яны пражываюць. Гэта нейкія невядомыя людзі, якія прынесьлі вэрсію, і Белтэлерадыёкампанія, не ўсталёўваючы ніякіх кантактаў, не падпісваючы ніякіх дамоваў, проста пусьціла фільм у эфір”.

Так што атрымліваецца, што нехта з вуліцы можа прыйсьці ў тэлерадыёкампанію, прынесьці свой ролік і іх, не пытаючыся, хто гэтыя людзі, дзе пражываюць, могуць пусьціць на тэлебачаньне? Я датэлефанавалася і да намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі:

(Карэспандэнтка: ) “За Вашым подпісам у суд такі дзіўны дакумэнт прыйшоў, што вы ня ведаеце аўтараў. Усе пад псэўданімамі. Нехта ж атрымаў ганарар. Так жа ня можа быць…”

(Мартыненка: ) “Можа быць. Чэснае слова, ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Выходзіць па ўсіх трох каналах фільм, і ніхто з кіраўніцтва ня ведае, хто аўтары?!”

(Мартыненка: ) “Без паняцьця. У нас жа ёсьць Закон аб аўтарскім праве, і тайна псэўданіма. Кожны чалавек мае права вырашаць, назваць сваё прозьвішча альбо не называць”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык што атрымліваецца: кожны можа прынесьці нейкі матар’ял, рэпартаж, патрабаваць паставіць яго ў эфір, і Беларуская тэлевізія будзе ставіць?”

(Мартыненка: ) “Паглядзіце “Народную волю”, там жа палова прозьвішчаў непраўдзівых. Чаму б і не?”

Вось да такога вышэйшага ўзроўню дэмакратыі дайшло БТ! І чым далей, тым “безыменьнейшымі” становяцца прадстаўнікі беларускай улады і афіцыйнай прапаганды. Відаць, людзям усё ж такі сорамна, яны хаваюцца за нейкімі псэўданімамі, незразумелымі прозьвішчамі й не ідуць у суд. Супрацоўнікі БТ распавядалі, што раней на мантаж і “агучку” фільмаў прыходзіў сам начальнік ГУОПІ Уладзімер Замяталін. Цяпер таксама прыходзяць незнаёмцы у цывільным, робіцца ўсё за зачыненымі дзьвярыма, узмоцненая служба бясьпекі, і нават тэхнічныя службы баяцца гаварыць, што робяць.

Цяпер жа, паводле інфармацыі з дасьведчанай крыніцы, на другім нацыянальным канале, ОНТ, здымаецца чарговы сэрыял. І кіраўнік творчай брыгады – асоба вядомая: Юрый Казіятка. А вось хто ўваходзіць у творчую групу – сакрэт. Вядома, што прафэсійнымі тэлевізійнікамі дырыжыруюць супрацоўнікі КДБ і адміністрацыі прэзыдэнта. Што да відэаматэрыялаў, то выкарыстоўваюцца і здымкі спэцслужбаў, і Белтэлерадыёкампаніі. Фільм будзе, хутчэй за ўсё, дзесяцісэрыйны. “Героем” першай часткі палітычнага трылера будзе “тэлезорка” падобных блёкбастэраў Анатоль Лябедзька.

Тыдзень таму на прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі народ сам не разьбярэцца ў апазыцыі, улада яму дапаможа. Паводле нашай інфармацыі, гатовыя ўжо дзьве сэрыі праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG