Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 ліпеня – дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 ліпеня

27 ліпеня беларускія каталікі ўшаноўваюць Сямёх братоў. Паводле паданьня, гэта былі сем маладых хрысьціянаў, якіх у трэцім стагодзьдзі замуравалі ў пячоры ў Эфэсе: там яны заснулі, а праз два стагодзьдзі прачнуліся. Што да народных назіраньняў, дык казалі, што калі на Сем братоў заладзіць дождж, дык будзе ісьці безь перапынку сем тыдняў, надта замінаючы земляробчым працам.

27 ліпеня – дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Да рэфэрэндумаў Аляксандра Лукашэнкі гэты дзень быў галоўным дзяржаўным сьвятам краіны. Варта згадаць назву таго дакумэнту, які Вярхоўны Савет прыняў у 1990 годзе: “Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”.

27 ліпеня 1941 году ў Менску выйшаў у сьвет першы нумар “Беларускай газэты”. Яна выдавалася на працягу ўсяго пэрыяду нямецкае акупацыі, асьвятляла падзеі ў Беларусі і ў сьвеце з гледзішча нямецкага камандаваньня, адначасова шмат друкавала матэрыялаў зь беларускае гісторыі і культуры, асабліва тых, што былі забароненыя савецкай цэнзурай. Некалькі работнікаў “Беларускай газэты” былі забітыя савецкімі тайнымі агентамі.

27 ліпеня 1896 году нарадзіўся Язэп Горыд, заходнебеларускі мастак-графік, які аформіў шмат беларускіх выданьняў, што выходзілі ў Вільні міжваенным часам. А 27 ліпеня 1899 году прыйшоў на сьвет Станіслаў Ваўпшасаў – буйны савецкі шпіён, дывэрсант і карнік НКВД. Родам Ваўпшасаў зь Літвы, і сапраўднае ягонае прозьвішча – Ваўпшас. А згадваем мы яго таму, што дагэтуль імя Ваўпшасава носіць адна зь менскіх вуліц.

27 ліпеня 1824 году нарадзіўся Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік. Ён, між іншым, быў пазашлюбным сынам свайго бацькі Аляксандра Дзюма-старэйшага. Можа быць, таму прырода на ім, як кажуць, не адпачывала, а ўсё ў яго атрымалася. У тым ліку – знакамітая п’еса “Дама з камэліямі“, паводле якой Джузэпэ Вэрдзі напісаў сваю опэру “Травіята”.

27 ліпеня 1890 году скончыў жыцьцё самагубствам слынны галяндзкі мастак Вінсэнт Ван Гог. Гэта была нядзеля. Увечары Ван Гог выйшаў з дому з мальбэртам ды пэндзлямі й адправіўся ў поле. Там ён дастаў рэвальвэр і стрэліў сабе ў грудзі. Паранены, ён дабрыў да гатэлю і лёг у ложак, дзе яго і знайшлі. Наступнай ноччу мастака ня стала.
XS
SM
MD
LG