Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя палітвязьні з 21 ліпеня будуць сёньня выпушчаныя на волю


Любоў Лунёва, Менск Сёньня з-за кратаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйдуць сябры Маладога Фронту Анастасія Азарка, Аляксандр Васілеўскі і сябар руху “Зубр” Ігар Нязоўцаў. Яны правялі за кратамі 5 сутак за ўдзел у акцыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, 21 ліпеня, затрымалі больш за паўсотні чалавек. Непаўнагадовых адпусьцілі, а 26 удзельнікаў акцыі судзілі. У выніку 15 чалавек арыштавалі, 9 пакаралі штрафамі. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” надала ўсім арыштаваным статус палітвязьняў.

Сёньня ў камэрах спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка застаецца 9 чалавек. 24 ліпеня на волю выйшлі шасьцёра сяброў Маладога Фронту і руху “Зубр” – Анатоль Бельскі, Аляксандр Моніч, Дзяніс Быстрык, Максім Вінярскі, Аляксандр Козік і Павал Хівук. Іх сустракалі некалькі дзесяткаў паплечнікаў. Усе палітвязьні атрымлівалі харчовыя перадачы, прэсу і кнігі. Яны толькі паскардзіліся, што ў камэры абсалютна няма сьвежага паветра. Усе пакутуюць ад сьпякоты, на шпацыр нікога не выводзяць.

Сёньня для Анастасіі Азаркі, Аляксандра Васілеўскага і Ігара Нязоўцава гэтыя непрыемнасьці скончацца. А шостай вечара яны выйдуць на волю пасьля адбыцьця пакараньня – 5 сутак арышту. Усе арыштаваныя мужчыны знаходзіліся ў адной камэры, а Анастасію, зразумела, трымалі асобна.

Ёй было горш за ўсіх. Нават адміністрацыя спэцпрыёмніка прызнае, што жаночыя камэры – самыя цяжкія з-за адпаведнага кантынгенту. Туды часьцей за ўсё трапляюць жанчыны-алкагалічкі, якіх часам родныя дзеці, як кажуць, “здалі” ў гэтую ўстанову, бо немагчыма было з імі жыць у адной кватэры. Адміністрацыя спэцпрыёмніка даволі часта выклікае да такіх жанчынаў псіхіятрычныя брыгады, бо яны ўначы кідаюцца душыць сваіх суседак па камэры.

Вось прозьвішчы тых палітвязьняў, якія яшчэ застануцца адбываць пакараньне. На 10 сутак арыштавалі сяброў моладзевага руху “Зубр” Алега Корбана, Паўла Юхневіча, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага і актывіста Маладога Фронту Артура Фінькевіча. Артур сядзіць чацьвёрты раз запар. Мінулы раз ён сядзеў 30 сутак, адразу за дзьве акцыі. А каардынатара “Хартыі’97” Зьмітра Бандарэнку будуць трымаць за кратамі спэцпрыёмніка больш за астатніх. Яго пакаралі арыштам на 15 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG