Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам: “Эфірны час для кандыдатаў на дэпутаты, магчыма, скароцяць”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Цэнтравыбаркаме адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі – Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, тэлеканалу СТВ і радыё “Сталіца.” На паседжаньні сябры Цэнтравыбаркаму кансультаваліся з электроннымі СМІ ў пытаньні разьмеркаваньня эфіру для кандыдатаў на дэпутаты.

З электронных СМІ ў часе выбарчай кампаніі будуць задзейнічаны Беларускае тэлебачаньне й радыё, тэлеканал СТВ і радыё “Сталіца”. Калі Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць забясьпечыць эфірам кандыдатаў па ўсёй краіне, то тэлеканал СТВ і радыё “Сталіца” будуць працаваць на Менск і Менскую вобласьць. Тлумачыць сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Самі разумееце, калі па два-тры кандыдаты на акругу – гэта будуць адны арганізацыйныя магчымасьці для тэлестудый. Калі іх будзе 8-15 – то зусім іншыя. Тут патрэбна будзе скарачаць час. Таму пакуль – папярэднія дамоўленасьці”.

Паводле Мікалая Лазавіка, пастановы Цэнтравыбаркаму ў гэтым пытаньні яшчэ няма.

(Лазавік: ) “Сама пастанова будзе значна пазьней. Таму што нам падчас прыняцьця яе – асабліва каб вызначыць, па колькі хвілін даць кожнаму кандыдату, – трэба хаця б прыблізна ведаць, колькі кандыдатаў прыпадае на кожную вобласьць, кожную акругу”.

Афіцыйныя газэты ў сёньняшняй нарадзе не бралі ўдзелу. Паводле Мікалая Лазавіка, там парадак не мяняецца.

(Лазавік: ) “Як і раней, яны абавязаны бясплатна апублікаваць праграмныя дакумэнты кандыдатаў на дэпутаты. Да іх пытаньняў значна меней. Мы гэта абмеркавалі раней. Зь імі праблем пакуль няма”.

Адзін з кіраўнікоў СМІ, удзельнікаў нарады, адмовіўся паведамляць канкрэтныя дэталі размовы, але азначыў: усё будзе, як і раней, – кандыдаты будуць цягнуць жэрабя. А тэхнічных магчымасьцяў у радыё й тэлебачаньня хопіць.

Дэпутат Уладзімер Навасяд, які ўдзельнічаў у выбарах 2000 году, згадвае, што тады эфірнага часу на агітацыю катастрафічна не хапала.

(Навасяд: ) “Гэта вельмі цяжка зрабіць за хвіліну. Я, напрыклад, па радыё расказаў палітычны анэкдот сваім грамадзянам, якія пражываюць у маёй акрузе. На тэлебачаньні я не адзін быў у эфіры. Мы сплюсавалі гэты час – Абрамава, Навасяд і Калякін. Каб зрабіць нешта падобнае на перадачу. Бо нават калі ты адзін маеш размову праз блакітны экран з грамадзянамі – гэта вельмі дзіўнае відовішча, speaking heads. А тут хаця б адна галава зьмяняе другую. Адна ці тры хвіліны на тэлебачаньні й адна хвіліна на радыё – вось і ўся агітацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG