Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80-годзьдзе Шклоўскага раёну будзе адзначацца са сталічным размахам


Ігар Карней, Менск Сёньня Шклоўскі раён з размахам адзначыць 80-годзьдзе свайго ўтварэньня. З гэтай нагоды пятніца абвешчаная выходным днём, а ў часе сьвяточных мерапрыемстваў адбудзецца нават невялікія ваенны парад і авіяшоў.

Ці ня будуць цяпер пад уплывам параду, што адбыўся 3 ліпеня, і ў рэгіёнах ладзіць нешта падобнае? Хаця наўрад ці дзе-небудзь яшчэ, акрамя Шклову, на гэта замахнуцца. Тут асаблівы выпадак: Шклоўшчына – радзіма Аляксандра Лукашэнкі. І калі туды цягам апошніх гадоў інвэставаліся мільёны даляраў, дык чаму б яшчэ і парад не наладзіць?

Той, хто бачыў Шклоў напачатку 90-х, зараз будзе ўражаны кардынальнымі зьменамі ў яго абліччы. Толькі на Дажынкі ў 2002 годзе было выдаткавана 2 мільёны даляраў. Са Шклову, як выказаўся адзін тамтэйшы журналіст, мэтанакіравана робяць цацку.

Учора там адбыўся сэмінар на тэму: як адбудоўваць беларускія гарады ў эўрапейскім стылі. Праблему абмяркоўвалі вэртыкальнікі, якія з усёй краіны прыехалі на сьвята. А юбілей раёну дзівосным чынам супаў зь іншым юбілеем – 10-гадовым знаходжаньнем ва ўладзе самога Лукашэнкі. Ён таксама запрошаны, і яшчэ ўчора ўвечары спадзяваліся на ягоны прыезд. Галоўны раённы ідэоляг Пётр Лапцёнак, калі я яму затэлефанаваў, сказаў, што пакуль ня ведае, ці Лукашэнка прыедзе: маўляў, прэзыдэнт заўсёды прымае рашэньне ў апошні момант.

А вось яшчэ адзін славуты зямляк шклоўцаў, віцэ-сьпікер парлямэнту Уладзімер Канаплёў, прыедзе і нават згуляе ў футбол за каманду дэпутатаў палаты прадстаўнікоў і ўраду. Зрэшты, тутэйшыя людзі кажуць, што спадар Канаплёў зноў зьбіраецца балятавацца па роднай акрузе, таму раптам пасыпаліся на мясцовых дзяцей бясплатныя пуцёўкі ў лепшыя дзіцячыя санаторыі і пансіянаты краіны. Выбарчая кампанія яшчэ не пачалася, а шклоўскія бацькі ўжо ведаюць, за каго ім галасаваць увосень.

Пра праграму сьвята расказала мне намесьніца аддзелу культуры Шклоўскага райвыканкаму Людміла Сатнічэнка.

(Сатнічэнка: ) “Шэсьце сьвяточных калёнаў працоўных калектываў, ганаровых гасьцей і дэлегацый іншых раёнаў пачнецца аб 11-й. Кожная калёна будзе адметна ўпрыгожаная. Нават плянуецца карэта з Кацярынай і Зорычам, якія мелі гістарычную датычнасьць да шклоўшчыны. Будзе шмат вайсковай тэхнікі, нават міні-танк будзе ісьці, салдаты ў камуфляжнай форме, танкісты – штосьці кшталту міні-параду”.

Пасьля гэтага адбудзецца ўскладаньне вянкоў і кветак да мэмарыяльнага комплексу “Памяць” і традыцыйны ў такіх выпадках урачысты сход, прысьвечаны ўтварэньню раёну. Не абыдзецца, натуральна, без канцэрту мастацкай самадзейнасьці. А ўжо пад вечар, як расказала спадарыня Сатнічэнка, публіку чакаюць неспадзяванкі.

(Сатнічэнка: ) “Авіяшоў магілёўскага аэраклюбу, потым футбольная сустрэча камандаў парлямэнту і ўраду са зборнай Шклову. А затым – сьвяточны канцэрт майстроў беларускай эстрады. Канцэрт рыхтуе народны артыст Васіль Раінчык, нараджэнец Шклоўскага раёну. Пасьля “Славянскага базару” ўсіх выбітных зорак ён вязе сюды. І ў 23:00 завершыцца ўсё фэервэркам”.

Тым часам, на гарадзкім стадыёне будзе разгорнуты шырокі гандаль. Кожная гаспадарка рыхтуе свой невялікі падворак, на якім будуць прадаваць усё, нават жывых парсючкоў і качак. А на вуліцах вандроўныя акторы забавяць публіку інсцэніроўкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG