Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы вылучэньня назіральнікаў на выбары застаюцца няпэўнымі – прызнаў сакратар ЦВК


Уладзімер Глод, Менск Гэта змушаны прызнаць і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Згодна зь ягоным камэнтаром, "у кожным канкрэтным выпадку выбарчыя камісіі будуць на месцы прымаць адпаведныя рашэньні". Некаторыя прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый лічаць, што вынікам гэтага стане адсутнасьць незалежнага назіраньня за восеньскімі выбарамі.

Тлумачэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі да правілаў вылучэньня назіральнікаў ад палітычных партый і грамадзкіх арганізацый не дае канкрэтнага адказу на пытаньне: куды мае права накіроўваць назіральнікаў суполка – у камісіі таго рэгіёну, дзе яна фактычна знаходзіцца, ці таго, дзе мае юрыдычны адрас? Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік прызнае наяўнасьць праблемы.

(Лазавік: ) "Рэальная сытуацыя такога характару ўзьнікала ў нас на папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. І тады нам давялося даць шэраг рэкамэндацый палітычным партыям і грамадзкім аб''яднаньням удасканаліць сваю арганізацыйную структуру: каб яна больш стасавалася да ўдзелу ў выбарах. І я ня думаю, што ў нас ёсьць палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі, якія актыўна працуюць і якія не правялі рэструктурызацыі сваёй арганізацыйнай структуры. Калі ж такая сытуацыя дзесьці ўзьнікне, – я думаю, у кожным канкрэтным выпадку мы будзем на месцы, па гарачых сьлядох прымаць адпаведныя рашэньні".

Аднак высьвятляецца, што значная частка суполак бальшыні палітычных партый мае юрыдычны адрас, які не супадае з адрасам іхнай фактычнай дзейнасьці. Так, намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр гаворыць, што, напрыклад, у Віцебску ва ўсіх трох афіцыйна зарэгістраваных раённых партарганізацй аднолькавы юрыдычны адрас. Паводле спадара Альфэра, асноўная прычына гэтага – нежаданьне дзяржаўных і боязь недзяржаўных структур даваць памяшканьні апазыцыйным партыям.

(Альфэр:) "Пытаньне тут вельмі простае – за апошні год вельмі мала структур палітычных партый было зарэгістравана. Асабліва цяжка зарэгістравацца ў малых гарадох, на вёсках. І таму частка партый рэгістравала свае арганізацыйныя структуры ў вялікіх гарадох – на месцы знаходжаньня, скажам, абласной арганізацыі. Гэта адмыслова зроблена, каб палітычныя партыі не маглі актыўна ўдзельнічаць у выбарах".

З грамадзкіх арганізацый значны досьвед назіраньня за выбарамі мае Беларускі Хэльсынскі камітэт. Ягоны выканаўчы дырэктар Алег Гулак на маё пытаньне, як паўплывае такая нявызначанасьць на працу назіральнікаў, адказвае так:

(Гулак: ) "Ну, што будзе? Тое ж самае, што й было. Пакуль мы можам казаць, што фактычнага назіраньня, пры якім назіральнікі не проста прысутнічалі б, а рэальна назіралі, ня будзе. Альбо будзе зроблена ўсё, каб яго не было".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG