Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступіць з дакладам аб зьнешняй палітыцы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з кіраўнікамі беларускіх замежных дыпляматычных місій. Згодна з паведамленьнем прэсавай службы кіраўніка дзяржавы, ён выступіць з праграмным дакладам “Зьнешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у новым сьвеце”. Што чакаюць у Беларусі ад гэтага выступленьня?

Нарада, як і выступ на ёй кіраўніка дзяржавы, не зьяўляецца нечым надзвычайным. Такое мерапрыемства праводзіцца штогод, і да яго ўжо як бы прызвычаіліся. Дарэчы, падобныя сустрэчы праводзяцца паўсюдна. Больш таго, буйныя дзяржавы, такія, як, напрыклад, ЗША ці Расея і некаторыя іншыя, зьбіраюць сваіх дыпляматаў з асобных рэгіёнаў: тых, хто працуе ў Афрыцы, Азіі і гэтак далей.

Можна меркаваць, што спадар Лукашэнка чарговым разам скажа пра шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі Беларусі, пра падвойныя стандарты шэрагу міжнародных арганізацыяў адносна Беларусі, пра пашырэньне НАТО на Ўсход і гэтак далей. Праўда, я зьвярнуў увагу на тое, што прэсавая служба кіраўніка дзяржавы анансуе ягоны выступ як праграмны. Таму можа будзе і нешта новае. Памятаеце, дзесьці тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка раптам сказаў пра тое, што Беларусь зможа далучыцца да Эўразьвязу. Але 20-га ліпеня падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі ён, так бы мовіць, даў задні ход, калі сказаў, што вырашэньне гэтай праблемы залежыць, перадусім, не ад Беларусі, а ад Эўразьвязу. Акрамя гэтага, няма сумневу, што чарговым разам перад дыпляматамі паставяць галоўную задачу – прасоўваць на замежныя рынкі як мага больш беларускай прадукцыі.

Памятаю, як Аляксандр Лукашэнка на падобных нарадах казаў, што галоўным, а часам ён нават ужываў слова “адзіным”, крытэрам таго ці іншага беларускага амбасадара будзе паказчык росту экспарту беларускіх вырабаў у краіну. Ці можна лічыць менавіта гэты фактар галоўным? Вось меркаваньне прафэсійнага дыплямата, былога намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Гэта сьведчыць пра слабое становішча і ў краіне, і ў зьнешнепалітычным ведамстве, калі карыстаюцца толькі адным такім крытэрам. Можа быць, у бедных краінах ёсьць такія крытэры, можа быць, у краінаў з праблемамі ў міжнародных адносінах ёсьць такія крытэры, а ў нармальных краінах няма такіх крытэраў. Ёсьць крытэры ўвогуле адносінаў зь іншымі краінамі, паляпшэньне гэтых адносінаў, карысьць ад іх для дзяржавы, узаемакарысьць... Гэта значыць, увесь комплекс праблем і стасункаў бярэцца пад увагу й разглядаецца на такіх нарадах”.

Спробы атрымаць акрэдытацыю на сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з дыпляматамі скончыліся нічым. Спачатку мне сказалі зьвярнуцца за адказам у другой палове дня, потым – пасьля 16-й гадзіны, потым – а 17-й. І ў рэшце рэшт адмовілі, бяз тлумачэньня прычыны. Маўляў, не атрымліваецца, ды ўсё. Дарэчы, так было і з папярэдняй спробай акрэдытавацца на прэсавую канфэрэнцыю спадара Лукашэнкі, што праходзіла 20 ліпеня. Так што будзем шукаць нейкія магчымасьці даведацца пра тое, што ж было праграмнага ў праграмным выступе Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG