Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Пола Гобла, палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі мусіла б ад самага пачатку быць іншай


Ул. інф. У прэс-цэнтры Радыё Свабода ў Вашынгтоне прайшоў брыфінг, прысьвечаны таму, як пытаньне савецкіх нацыянальнасьцяў трактавалася адмыслоўцамі і дзяржаўнымі структурамі ЗША на працягу апошніх 40 гадоў. З аглядам выступіў аўтарытэтны дасьледчык у галіне савецкіх нацыянальнасьцяў Пол Гобл, які зараз працуе старэйшым дарадчыкам дырэктара Міжнароднага бюро радыёвяшчаньня.

Паводле Пола Гобла, пытаньне “савецкіх нацыянальнасьцяў” фактычна ня ставілася палітычнымі коламі ў Вашынгтоне аж да 1979 году. Выключэньнем было толькі так званае “балтыцкае пытаньне”. На працягу доўгага часу савецкія нацыянальнасьці вывучалася толькі адзінкамі-навукоўцамі ды нацыянальнымі дыяспарамі. І толькі пасьля ўводу савецкіх войскаў у Аўганістан і акрэсьленьня Рэйганам Савецкага Саюзу як “імпэрыі зла” вывучэньне гэтага пытаньня атрымала палітычны штуршок.

Але найбольш актуальным гэтае пытаньне стала ў канцы 80-ых, напярэдадні развалу СССР. Менавіта ў той час узьнік попыт на навукоўцаў і знаўцаў праблематыкі нацыянальнасьцяў, а аналітычныя матэрыялы й навіны падрыхтаваныя супрацоўнікамі Радыё Свабода – Вольная Эўропа, штодзённа ішлі на стол тых, хто выпрацоўваў зьнешнюю палітыку ЗША.

Чарговы спад цікаўнасьці пачаўся з 1992 году, калі ЗША, баючыся далейшага развалу ня толькі СССР, але й Расеі і перакрою межаў, выпрацавалі пазыцыю “стабільных межаў”. Гэта была палітыка непадтрымкі нацыянальных рухаў за незалежнасьць і вылучэньня Расеі як рэгіянальнага цэнтру. Гэтая палітыка з некаторымі мадыфікацыямі працягваецца і да сёньня.

Полу Гоблу было зададзенае пытаньне што да эфэктыўнасьці амэрыканскай палітыкі да Беларусі. Пол Гобл адказаў, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі ад пачатку мусіла б быць іншай. ЗША павінны былі б трактаваць Беларусь не праз прызму Расеі. Пол Гобл лічыць, што сытуацыя магла павярнуцца іначай, калі б ЗША на самым пачатку падтрымалі Шушкевіча і выкарысталі Чарнобыльскую праблему. Ён таксама зазначыў, што цяперашняя ўвага палітыкатворцаў да Лукашэнкі ў пэўным сэнсе адцягвае ўвагу ад больш шырокіх праблем будучыні Беларусі і рэгіёна.

Пол Гобл таксама зазначыў, што пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў і жаданьне незалежнасьці нашмат больш моцнае, чым гэта разумее афіцыйны Вашынгтон. Беларусь, як і Ўкраіна і Малдова, бачыцца Полу Гоблу ня часткай нейкага Эўраазійскага блёку, а складнікам Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG