Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Нямеччыны ў Беларусі зьдзіўленая заявамі Лукашэнкі


Юры Дракахруст, Прага Амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі падаюцца "незразумелымі выказваньні, згодна зь якімі вядомыя грамадзяне Беларусі, нібыта, зьніклі ў Нямеччыне, і нямецкія ведамствы пакідаюць без адказу запыты беларускага боку па такіх выпадках". Такім чынам амбасада пракамэнтавала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала ўчора на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

У адказ на пытаньне пра даклад сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса па зьніклых у Беларусі, Лукашэнка заявіў: "Пургурыдэс і іншыя няхай адкажуць на маё пытаньне, якое я паставіў. Памятаеце, па Нямеччыне я ставіў пытаньне... па зьніклых. Я ставіў пытаньне: вось там і там мы бачылі людзей, дзе яны? Мне на гэтае пытаньне дагэтуль не адказалі".

Як адзначаецца ў заяве амбасады Нямеччыны, дыпляматычнаму прадстаўніцтву "невядома аб тым, што цяпер ёсьць грамадзяне Беларусі, у дачыненьні да якіх меліся б меркаваньні, што яны зьніклі ў Нямеччыне ". Таксама невядомыя адпаведныя запыты з боку беларускіх ведамстваў, гаворыцца ў заяве.

Амбасада Нямеччыны падкрэсьлівае, што ўсе запыты па падобных выпадках, якія беларускія інстанцыі накіроўвалі ў Нямеччыну раней, "былі разгледжаныя і на іх былі дадзены адказы". Гэта тычыцца і запыту аб месцы знаходжаньня зьніклага былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Са спасылкай на артыкул у адной рэгіянальнай нямецкай газэце, беларускім бокам было зроблена дапушчэньне, што Ю.Захаранка знаходзіцца ў Нямеччыне. У сувязі з гэтым 7 верасьня 2001 году амбасада Нямеччыны атрымала афіцыйны запыт беларускіх уладаў, паведамляецца ў заяве. Гэты запыт быў разгледжаны "усебакова і ў тэрміновым парадку". У выніку ў студзені 2002 года нямецкія ведамствы паведамілі беларускаму боку аб тым, што "не ўдалося ўстанавіць ніякіх адпраўных пунктаў, якія ўказвалі б на знаходжаньне Ю.Захаранкі ў Нямеччыне".

Пасьля гэтага, падкрэсьліваецца ў заяве, беларускія ведамствы не перадавалі нямецкаму боку ніякіх іншых запытаў, а таксама нейкіх канкрэтных спасылак па гэтай справе.

"З-за такога становішча справаў незразумелымі падаюцца выказваньні, згодна зь якімі вядомыя беларускія грамадзяне нібыта зьніклі ў Нямеччыне, і нямецкія ведамствы пакідаюць без адказу запыты беларускага боку па такіх выпадках", – гаворыцца ў камэнтары амбасады.



"Міжнародная амністыя" заклікала беларускія ўлады да захаваньня правоў грамадзянаў на выказваньне мірнага пратэсту

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікала беларускія ўлады да захаваньня правоў грамадзянаў на выказваньне мірнага пратэсту падчас акцыі, прысьвечанай 10-гадоваму тэрміну прэзыдэнцкага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Як зазначана ў заяве "Міжнароднай амністыі", "сцэны паліцэйскага самавольства і незаконныя арышты дэманстрантаў, што мелі месца на папярэдніх дэманстрацыях, не павінны паўтарыцца". Прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі папярэджваюць, што будуць уважліва сачыць за сёньняшняй акцыяй. Любы арыштаваны за мірнае выказваньне пратэсту будзе прызнаны "вязьнем сумленьня", падкрэсьліваецца ў заяве.

"Міжнародная амністыя" нагадвае, што ў адпаведнасьці з артыкуламі 10 і 21 Міжнароднай канвэнцыі аб грамадзянскіх і палітычных правах беларускія ўлады абавязаны гарантаваць грамадзянам права на мірнае выказваньне пратэсту, падкрэсьліваецца ў заяве. Гэта "надзвычай важна" напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 17 кастрычніка, калі прадстаўнікі грамадзтва, асабліва члены палітычнай апазыцыі, павінны "мець магчымасьць свабодна выказваць свае погляды", падкрэсьлівае праваабарончая арганізацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG