Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміяй “саюзнай дзяржавы” ў галіне літаратуры і мастацтва ад Беларусі сёлета ўганараваны народны мастак Міхаіл Савіцкі


Ігар Карней, Менск Прэмія была ўручаная спадару Савіцкаму ў памяшканьні Нацыянальнага мастацкага музэю. Іншыя ляўрэаты – расейскія кампазытар Аляксандра Пахмутава й мастак Валянцін Сідараў – з рук Лукашэнкі канвэрты атрымалі некалькі дзён таму ў Віцебску на “Славянскім базары”. Што ж гэта за прэмія? – дазнаваўся наш карэспандэнт.

Упершыню гэтую прэмію ўручалі ў 2002 годзе, і за галоўны крытэр адбору намінантаў паўстала грамадзкая значнасьць унёску ва ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларусьсю ў галіне культуры, літаратуры й мастацтва. Тады ляўрэатамі сталіся расейскі актор Аляксей Пятрэнка й двух беларусаў – драматург Аляксей Дудараў і пісьменьнік Іван Шамякін.

Прэмія ўручаецца раз на два гады. Так што сёлета яна прысуджалася толькі другі раз. Памер яе – 17 тысяч даляраў. Дарэчы, паводле палажэньня, уручэньне памянёнае узнагароды мусіць прымяркоўвацца да Дня яднаньня беларускага й расейскага народаў 2 красавіка. Як бачым, сёлета пра яе нават абвесьцілі са спазьненьнем.

Хто яшчэ зь беларусаў прэтэндаваў на ўзнагароду? (Цяжка казаць, наколькі яна пачэсная, але з пазыцыі матэрыяльнай – вельмі нават не малая.)

Вылучаюць на гэтую прэмію творчыя саюзы. У Саюзе мастакоў на пачатку гаварылі пра тры кандыдатуры старэйшых – зь меркаваньня ўзросту – творцаў: Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі й Міхаіла Савіцкага. Але ўсе добра разумелі, што ў Шчамялёва й Вашчанкі – з прычыны іхных грамадзянскіх перакананьняў – няма ніякіх шанцаў атрымаць гэткую ўзнагароду. Заставаўся Савіцкі. Аднагалосна й без абмеркаваньняў ягоная кандыдатура была зацьверджаная – і гэтую інфармацыю перадалі ў Міністэрства культуры.

Стала вядома, што там разглядаліся кандыдатуры іншых творцаў – пісьменьніка Мікалая Чаргінца, кампазытара Ігара Лучанка, балетмайстра Валянціна Елізар’ева, тады яшчэ жывога кампазытара Анатоля Багатырова. Была ідэя ўганараваць прэміяй пасьмяротна кінарэжысэра Міхаіла Пташука й сьпевака Ўладзімера Мулявіна. Урэшце атрымаў прэмію мастак Савіцкі. Я пацікавіўся ў народнага мастака Леаніда Шчамялёва: як ён лічыць, за што менавіта Савіцкага ўганаравалі гэтай прэміяй?

(Шчамялёў: ) “Яго, відавочна, вылучылі за заслугі мінулых гадоў. У яго ёсьць цікавыя працы – прыкладам, “Поле”, “Хлябы”, “Віцебскія вароты”. Гэта добрыя карціны. За тое, што ён робіць цяпер, пэўна, ніхто яго не вылучаў бы”.

(Карэспандэнт: ) “А вы штосьці сваё не спрабавалі прапанаваць Саюзнай дзяржаве?”

(Шчамялёў: ) “Не, што вы! Стаўленьне менавіта да мяне й маёй творчасьці асьцярожнае, вельмі асьцярожнае”.

Што да Міхаіла Савіцкага, то сёньня ў прысутнасьці супрацоўнікаў выканаўчага сакратарыяту СНД і чальцоў ураду яму ўручаць прэмію так званай саюзнай дзяржавы ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. Напярэдадні я спрабаваў знайсьці спадара Савіцкага, але, на жаль, мастак не адказваў на тэлефанаваньні. Некалькі ж дзён таму ў мяне зь ім была размова пра сучаснае мастацтва, да якога ён ставіцца вельмі крытычна. Прапаную паслухаць невялікі фрагмэнт нашай гаворкі.

(Савіцкі: ) “Цяпер мастацтва разбураецца зусім іншым мастацтвам. Гэта асабліва бачна па музыцы. Яна ж заняла ўсё месца. Гэты рок… Вы ж зірніце, што на падмостках робіцца… Ці вы не гледзіцё? Гэта прыклад маладым. Маладыя ўжо й па вуліцы пачынаюць хадзіць такімі ж. Канцэртаў няма. Яны там толькі скачуць, а ня ходзяць слухаць музыку. І на выставы ня ходзяць. А паспрабуйце ў іх даведацца, хто яны, грамадзяне каго й чаго?! Вось да мяне ў творчыя майстэрні прыходзяць з гэтай Акадэміі мастацтваў (я выбіраю найбольш таленавітых). Дык яны, атрымаўшы дыплём, лічаць сябе грамадзянамі сьвету. Бачце іх… А ўмець – нічога ня ўмеюць… Іх там так рыхтуюць. І так паўсюль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG