Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 10 гадавіну прэзыдэнцтва Лукашэнкі прайшлі пікеты ў Празе, Вене, Парыжы і Стакгольме


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У краінах Эўропы працягваюцца акцыі, прысьвечаныя 10-годзьдзю знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Каля беларускай амбасады ў Празе Зьвяз беларусаў замежжа наладзіў пікет, у якім ўзялі ўдзел каля 15 чалавек. Прысутныя трымалі беларускія нацыянальныя сьцягі і плякаты з надпісамі “Беларусь у Эўропу”, “Не трэцяму тэрміну Лукашэнкі”, “Спыніць расейскую акупацыю Беларусі” ды іншыя. Супрацоўнікі беларускай амбасады здымалі ўдзельнікаў акцыі на відэастужку, але сустрэцца зь пікетоўшчыкамі не схацелі.

(Сідорык: ) “Найбольш цікавы момант – гэта тое, што нехта ўначы размаляваў амбасаду Беларусі такім чынам, як гэта робяць “зубры”. На будынку зьявіліся надпісы “Stop Luka”, “Тут знаходзіцца рэзыдэнцыя апошняга дыктатара Эўропы”. Калі мы а 10-й гадзіне прыйшлі, надпісы ўжо паспрабавалі замаляваць, але яны ўсё адно праступалі праз сьвежую фарбу”.

А каля беларускай амбасады ў Стакгольме сёньня прайшлі два пікеты з гадзінным інтэрвалам. Распавядае Алесь Літвінчык са Зьвязу беларусаў Швэцыі – арганізацыі, што наладзіла сёньняшнюю акцыю.

(Літвінчык: ) “Нас было больш за 20 чалавек. Мы трымалі плякаты і партрэты зьніклых. З амбасады ніхто ня выйшаў, толькі назіралі і фатаграфавалі нас з вокнаў. Мы раздавалі ўлёткі на швэдзкай мове. Швэды вельмі пазытыўна рэагавалі на наш пікет ды жадалі нам посьпехаў”.

У сталіцы Аўстрыі Вене таксама каля амбасады Беларусі прайшоў пікет пад лёзунгамі “Не трэцяму тэрміну Лукашэнкі” і “Байкот выбараў у лукашэнкаўскую палату”, які працягваўся аж 8 гадзінаў.

Акцыя салідарнасьці зь беларусамі, што выйдуць сёньня на вуліцы Менску прайшла гэтымі днямі і каля беларускай амбасады ў Парыжы. Як паведамляе арганізатар акцыі Лявон Шыманец, супрацоўнікі амбасады здымалі ўдзельнікаў пікету на відэастужку.

Учора падобныя акцыі прайшлі таксама ў Варшаве і Страсбуры – каля будынку Эўрапарлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG