Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад магілёўскіх алімпійцаў чакаюць канкрэтных вынікаў: як мінімум два мэдалі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Дваццаць спартоўцаў з Магілёўскай вобласьці атрымалі алімпійскія ліцэнзіі і ў складзе беларускай каманды паедуць у Афіны. Перад магілёўцамі пастаўлена задача прывезьці з Алімпіяды як мінімум два мэдалі.

На мінулай Алімпіядзе спартоўцы з Магілёўшчыны заваявалі адзін мэдаль. Цяжкаатлет Генадзь Аляшчук з Бабруйска стаў у Сыднэі бронзавым прызёрам, аднак цяпер у Афіны ён не паедзе – з-за станоўчай пробы на допінг.

Аднак тое, што ад рэгіёну паедзе на алімпіяду такая вялікая каманда, ужо лічыцца за пэўны посьпех. Таму што за савецкім часам, калі заваёўвалі мэдалі бадай што самыя вядомыя магілёўскія спартоўцы – гімнастка Сьвятлана Баітава і Аляксандар Масяйкоў, які выступаў у веславаньні на байдарках і каноэ – на алімпійскія гульні езьдзілі два-тры прадстаўнікі Магілёўскай вобласьці, а сёньня іх 20.

Магілёўцы будуць выступаць у Афінах у васьмі відах спорту. Каронны від спорту рэгіёну – гэта веславаньне на байдарках і каноэ. Выніковага выступленьня на алімпіядзе чакаюць ад цяжкаатлетаў, бо лічыцца, што менавіта магілёўская школа рыхтуе спартоўцаў высокага роўню.

Сярод магілёўскіх лёгкаатлетаў – пераважна кідальнікі. У камандзе ёсьць кідальнік ядра Андрэй Міхневіч, які стаў чэмпіёнам сьвету. Менавіта ад кідальнікаў чакаюць добрых вынікаў і разьлічваюць на алімпійскія ўзнагароды.

На чым грунтуюцца разьлікі атрымаць мэдалі? Вынікі спаборніцтваў цяжка прадбачыць, і прагнозы ў сфэры спорту, як і ў надвор’і, зусім не заўсёды спраўджваюцца. Чыноўнікі ад спорту звычайна ўзгадваюць Бога, калі гавораць пра выкананьне задачы, якая стаіць перад алімпійцамі: два мэдалі – гэта вельмі сур’ёзная вышыня.

Аднак разам з тым кіраўніцтва рэгіянальнага спорту заявіла, што за 4-гадовы алімпійскі цыкл былі вырашаны ўсе праблемы спартоўцаў: іх забясьпечылі ўсім неабходным і далі магчымасьць рыхтавацца да алімпіяды ў поўным аб’ёме. Гаворыць кіраўнік Магілёўскай абласной управы спорту Уладзімір Юдко:

(Юдко: ) “Настолькі мы сёньня атрымліваем падтрымку з боку кіраўніцтва вобласьці, што не працаваць і не паказваць вынікі мы проста не маем права”.

Якія ж вынікі дае падтрымка спорту ўладамі? Ці сапраўды ўсе праблемы вырашаны, каб казаць, што прайграць спартоўцы не маюць права? Магілёўскія чыноўнікі лічаць, што вялікі клопат ўладаў пра спорт дае плён – спартоўцы атрымліваюць узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Аднак кіраўніцтва сфэры спорту Магілёўшчыны турбуе, што хутка ня будзе каму спартоўцаў рыхтаваць – шэрагі трэнэраў зараз не папаўняюцца маладымі людзьмі.

(Юдко: ) “Вы ведаеце, што ў сілу розных прычынаў сёньня мы ня бачым лаўку трэнэрскага складу. У асноўным гэта заработная плата. Яна ўвогуле сур’ёзна ўплывае на тое, што не прыходзяць маладыя людзі працаваць у спорт”.

Аднак гэта праблема падрыхтоўкі да будучых алімпіядаў – а цяпер у Магілёве разьлічваюць, што спартоўцы, якія паедуць у Афіны, пакажуць добрыя вынікі.
XS
SM
MD
LG