Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З факту зьнікненьня шыльды на помным камні ў Курапатах заведзеная крымінальная справа


Алег Грузьдзіловіч, Менск Мінула 15 гадоў, як урад Беларусі пастанавіў усталяваць у Курапатах помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Але будаўніцтва нават не пачыналася. А днямі з мэмарыяльнага каменя ў Курапатах зьнікла шыльда з нагадваньнем пра будучы помнік. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што зьнікненьне гэтага надпісу ілюструе палітычны курс цяперашняй улады ў Беларусі.

Міліцыя Менскага раёну завяла крымінальную справу з факту зьнікненьня шыльды з мэмарыяльнага каменя ў Курапатах. Надпіс на той сьціплай таблічцы паведамляў, што, паводле Пастановы Ўраду ад 1989 году, у Курапатах мусіць зьявіцца помнік ахвярам рэпрэсій 30-40 гадоў мінулага стагодзьдзя. Каму магла спатрэбіцца мэталёвая шыльда з тым тэкстам? Нават міліцыянты выказваюць сумнеў у матэрыяльных матывах злодзеяў.

(Лук’янаў: ) “Каштоўнага для злодзея там нічога няма. Літары зь нержавельнай сталі. Але колькі тых літар? Ня больш за 500 грам”, – сказаў Радыё Свабода начальнік Бараўлянскага аддзелу міліцыі Андрэй Лук’янаў.

Ён згадаў, дарэчы, як давялося закрыць папярэднюю крымінальную справу пра зьнікненьне ў Курапатах мэмарыяльнай лавы, падоранай амэрыканскім урадам. Кавалкі ад яе знайшлі тады непадалёк у лесе. І вырашылі, адпаведна, што гэта зрабілі хуліганы. Бо нікога ж злавіць не ўдалося.

Павал Севярынец сярод іншых актывістаў бараніў Курапаты падчас будаўніцтва вакол Менску кружной аўтамабільнай дарогі. Ён лічыць, што ўлады зноў паспрабуюць сьпісаць ўсё на хуліганаў, хоць гэта версія для яго асабіста непрымальная…

(Севярынец: ) ”Мяркую, гэта працяг тых падзеяў, якія адбываюцца з самага пачатку адкрыцьця праўды. Гэта спробы Курапаты замаўчаць, запэцкаць, нейкім чынам сьцерці гэтую памяць”.

Павал Севярынец згадаў вядомыя яму факты вандалізму ў Курапатах. Атрымалася, што мэмарыяльную лаву ламалі 3 разы, крыжы ў Курапацкім лесе валілі ня менш за 10 разоў, бульдозэрам зьнесьлі стэнд з інфармацыяй пра Курапаты, нават падпалілі намёт, у якім жылі абаронцы Курапатаў. “І ніводнага разу не былі знойдзены тыя, хто гэта зрабіў”, – нагадаў Павал Севярынец. Ён, аднак, перакананы, што ў любым выпадку ў Курапатах зьявіцца помнік, які будуць наведваць тысячы людзей.

Намесьнік кіраўніка Ўправы аховы спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі лічыць галоўнай праблемай тое, што дагэтуль не вырашана юрыдычная прыналежнасьць Курапатаў як гістарычнага помніка.

(Чарняўскі: ) “Спадзяюся, некалі дойдуць рукі й да Курапатаў. Цяпер галоўнае, каб там уласьнік знайшоўся нармальны. Той, хто будзе вырашаць усе справы. Вось у чым праблема”.

Ігар Чарняўскі лічыць, што гаспадаром Курапацкага мэмарыялу ў будучыні мог бы стаць Менскі гарадзкі музэй. Але гэты музэй, як і помнік у Курапатах, яшчэ толькі ў праекце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG