Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя спартоўцы ставяцца да псыхалягічнай падрыхтоўкі больш сур’ёзна, чымся навічкі


Міхал Стэльмак, Менск У спартовага посьпеху, паводле міжнароднага досьведу, ёсьць два найбольш важныя складнікі: належная фізычная падрыхтоўка і псыхалягічная ўстойлівасьць. Як няцяжка спрагназаваць, на Алімпійскіх гульнях у Грэцыі пераможцамі стануць найперш тыя хто, апроч спрыту ды фізычнай выносьлівасьці, прадэманструе на галоўным спартовым іспыце апошняга чатырох год яшчэ і цьвёрдасьць духу. Якое ўражаньне засталося ад псыхалягічнай падрыхтоўкі беларускіх спартоўцаў, што будуць браць удзел у спаборніцтвах у Афінах?

Я сустракаўся з нацыянальнымі зборнымі Беларусі, якія выступяць у такіх відах спорту як цяжкая атлетыка, плаваньне і настольны тэніс, усяго гэта каля двух дзесяткаў алімпійцаў. У іх ліку былі як славутыя асобы – спартоўцы, што ўжо былі пераможцамі ці прызёрамі чэмпіянатаў сьвету, Эўропы альбо папярэдніх Алімпійскіх гульняў – так і навічкі зборнай. І вось якое склалася ўражаньне: у адрозьненьне ад маладых алімпійцаў вядомыя спартоўцы, як мне падалося, ставяцца да псыхалягічнай падрыхтоўкі больш сур’ёзна.

У прыватнасьці, вельмі важным чыньнікам алімпійскай падрыхтоўкі лічыць яе лідэр зборнай Беларусі па настольным тэнісе Ўладзімір Самсонаў. Я нагадаю нашым слухачам, што Ўладзімір заваёўваў Кубкі сьвету і Эўропы, і зараз уваходзіць у лік лепшых ракетак сьвету. Хацелася б зазначыць і тое, што яго галоўнымі супернікамі ў гэтым відзе зьяўляюцца спартоўцы Азіі, найперш – Кітая. Тыя ж кітайцы, паводле добра інфармаваных крыніцаў, умацоваюць свой дух пры дапамозе сакрэтаў старажытнага Ўсходу. Беларускі ж спартовец, як вынікае зь яго тлумачэньня, таксама мае на гэты конт свае сакрэты, якімі спартовец не пажадаў дзяліцца, прынамсі публічна. Але адзін сакрэт ён усё ж назваў: перад спаборніцтвамі Уладзімір Самсонаў прамаўляе малітву.

(Самсонаў: ) “Я насамрэч імкнуся знайсьці час для малітвы. Гэта вельмі важна. Я ня ведаю, калі гэта прыйшло”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце сябе вернікам? Так?”

(Самсонаў: ) “Я сам праваслаўны. Быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве. Мая жонка каталічка. Малітва як сродак можа дапамагчы кожнаму чалавеку”.

Вядома, што ў іншых краінах нацыянальныя каманды і нават уласна спартоўцы маюць асабістых псыхолягаў. Паколькі склад беларускай дэлегацыі, у тым ліку трэнэраў, мэдыкаў і чыноўнікаў, што паедуць у Афіны, яшчэ не зацьверджаны, то наўрад ці можна з пэўнасьцю сказаць, ці будуць у беларускіх алімпійцаў у Грэцыі свае псыхолягі.

З другога боку, паводле папярэдніх зьвестак, псыхолягі ўсё ж будуць у складзе беларускай дэлегацыі. Але й калі насамрэч іх залічаць у дэлегацыю, то, відавочна, гэта будуць адзінкі. Інакш кажучы, пра асабістых псыхолягаў у дачыненьні да беларускіх спартоўцаў на цяперашніх Алімпійскіх гульнях гаварыць наўрад ці варта.

Напрыклад, вядома, што патэнцыйным кандыдатам на паездку ў Афіны лічыцца псыхоляг Мікалай Волкаў. Гэта вядомы ў спартовых колах спэцыяліст. У размове ён паведаміў мне, што калі паедзе ў Грэцыю, то на спаборніцтвах будзе аказваць псыхалягічную дапамогу беларускім камандам ці спартоўцам, якія будуць прадстаўляюць розныя віду спорту. У прыватнасьці, мяркуецца, што спадар Волкаў будзе браць удзел ва ўмацаваньні духу спартоўцаў, якія будуць выступаць у настольным тэнісе, у так званым вялікім тэнісе, у боксе, у грэка-рымскай і вольнай барацьбе, у барацьбе дзюдо. Разам гэта досыць шмат алімпійцаў. Ці можа ўсім ім дапамагчы адзін чалавек? У мяне на гэты конт ёсьць вялікі сумнеў. Тым больш што падчас спаборніцтваў, як патлумачыў мне спадар Волкаў, узьнікае не калектыўная, а пэрсанальная патрэба ў дапамозе псыхоляга.

(Волкаў: ) “Тут ужо канкрэтна з кожным. З кожным канкрэтныя пытаньні, канкрэтныя заданьні. У залежнасьці ад стану спартоўца, у залежнасьці ад сытуацыі, якая складзецца там”.

(Карэспандэнт: ) “Вы бачыце шмат праблем?”

(Волкаў: ) “Праблемы, як правіла, узьнікаюць спантанна, нечакана. Увогуле, трэба быць гатовым да ўсяго. Алімпійскія гульні – гэта такі від спаборніцтваў, дзе слабых няма. І ўсё гэта адбываецца з прычыны той псыхічнай напругі, якая ўзьнікае падчас алімпійскіх спаборніцтваў”.
XS
SM
MD
LG