Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Радыяцыю адмянілі”, але грыбы ды ягады ад гэтага чысьцейшыя не зрабіліся


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На рынках у гарадах усходняй Беларусі зараз адыходзяць клубніцы, затое зьявілася шмат лясных ягадаў і грыбы, пераважна “лісічкі”. Сяляне прадаюць лясныя дары ня толькі на рынках, але і на аўтатрасах – як гавораць, гандлююць зь зямлі. Ці клапоцяцца людзі пра праверкі ягадаў і грыбоў на ўтрыманьне радыёнуклідаў?

У Магілёўскай вобласьці, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, кожны летні сэзон санітарныя лекары заклікаюць людзей правяраць усе ягады і грыбы. Хаця людзі, калі казаць шчыра, ня вельмі адгукаюцца сёлета на гэты заклік. У радыялягічны аддзел Магілёўскага абласнога цэнтру санітарыі паступіла толькі дзесяць пробаў ягадаў, дзьве зь якіх былі забруджаныя на радыёнукліды звыш нормы.

Увогуле ж кожны год прыкладна траціна пробаў грыбоў, якія правяраюцца – брудныя і таму непрыдатныя для ежы. Ягады звычайна крыху больш чыстыя, а вось больш паловы дзічыны – да ўвагі паляўнічых! – не адпавядае нормам.

Адзначу, што гэтыя лічбы застаюцца стабільнымі апошнія гады, нягледзячы на тое, што на новых радыяцыйных мапах Беларусі забруджаных тэрыторыяў стала меней. Як кажуць у вёсках на Магілёўшчыне, “радыяцыю адмянілі”, аднак пакуль гэта не паўплывала на чысьціню лясных ягадаў і грыбоў. Так што трэба быць пільнымі і не ляніцца правяраць.

На Цэнтральным калгасным рынку ў Магілёве праверку лясных ягадаў і грыбоў трэба прайсьці абавязкова. Квіткі ад праверак правяраюць кантралёры. Іншая справа ў тым, што далёка ня ўсе цікавяцца вынікамі праверкі на радыяцыю. Вось што распавялі мне пакупнікі і гандляры.

(Спадарыня: ) “Гэта ўсё лухта! Зараз усюды ўсяго хапае. Ну так што, нічога не набываць цяпер?”

(Спадар: ) “Калі талковы пакупнік, дык запытаецца, а іншы, як ня верыць гэтай паперцы, дык можа праверыць яшчэ раз, схадзіць у лябараторыю”.

(Спадарыня: ) “Гэта важна, вельмі важна. Бо ад радыяцыі ўсе захворваньні ідуць”.

(Спадарыня: ) “Таму што мы насыціліся ёй і самі ўжо, як радыяцыя, ходзім”.

(Спадарыня: ) “Страшна, але што рабіць!”

Сапраўды: дык што ж рабіць у сытуацыі, калі, напрыклад, у вас ёсьць грыбы і вы не ведаеце, ці чыстыя яны, і разам з тым выкідаць у сьметнік шкада? Адказ на гэтае пытаньне дае спэцыяліст абласнога цэнтру санітарыі Марына Ўсьціменка:

(Усьціменка: ) “Перш за ўсё ачысьціць, добра прамыць праточнай вадой. Вымачыць, калі гэта грыбы. І варыць з сольлю. Закіпелі – выліць. Два адвары зьліць, на трэці – памяншаецца ўтрыманьне радыёнуклідаў – гэта дакладна”.

Зазначу на заканчэньне, што, паводле парадаў спэцыялістаў, лябараторная праверка на ўтрыманьне радыёнуклідаў – усё ж лепшы сродак абараніць сваё здароўе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG