Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар” у Віцебску: Дзень горада й Дзень культуры Беларусі прайшлі ў цені іншых мерапрыемстваў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Дні культуры Беларусі, гэтаксама як Дні культуры Расеі й Дні культуры Ўкраіны, адзначаюцца ў межах фэстывалю штогод. А вось Дзень горада сёлета быў асаблівы: Віцебску споўнілася 1030 год – калі годам заснаваньня горада лічыць год 974-ы. І хаця ня ўсе гісторыкі падзяляюць гэтае меркаваньне, 1030-я угодкі Віцебску сьвяткуюцца менавіта гэтымі днямі – 17-га, 18-га і 19-га ліпеня.

Нягледзячы на юбілейную дату, нельга сказаць, каб гэтыя сьвяткаваньні чымсьці дужа адрозьніваліся ад іншых фэстывальных дзён. Мабыць, занадта шмат самага рознага кшталту імпрэзаў нагрувасьцілася на гэтыя дні.

Гэтак, у суботу, 17-га ліпеня, адначасова адзначалі і Дзень горада, і Дзень саюзнае дзяржавы. Таму першыя імпрэзы былі афіцыёзныя: сустрэча ды прэсавая канфэрэнцыя з намесьнікам Дзяржаўнага сакратара Саюзнае дзяржавы Іванам Мацкевічам. Гаворка ішла пра “Славянскі базар у Віцебску”, які “ёсьць буйнейшым культуралягічным праектам Саюзнае дзяржавы”, пра іншыя супольныя праекты, якіх на цяперашні момант усяго 42… Але, вядома ж, не пра ўгодкі Віцебску!

Далей у фэстывальнай праграме былі Дзіцячы музычны конкурс, канцэрт клясычнае музыкі з удзелам расейскай опэрнай сьпявачкі Любові Казарноўскай, вечар памяці Уладзімера Мулявіна і паўфінал конкурсу маладых выканаўцаў. Усё гэта само па сабе цікава, але, пагадзіцеся, мае вельмі ўскоснае дачыненьне да Віцебску ды ягонай гісторыі. Таму, апытваючы землякоў пра іхныя ўражаньні ад сьвяткаваньня віцебскіх угодкаў, нярэдка даводзілася чуць і такія словы:

(Спадар: ) “А я пра гэта нічога й ня ведаў! Адзінае, што сьведчыла пра юбілей горада – гэта плякаты зь лічбай году ягонага заснаваньня. А ў астатнім – народ вельмі шчыльна сьвяткуе “дні славянскага п’янства”, так што п’яны натоўп быў такі самы, як і заўсёды”.

Толькі ўвечары ў горадзе прайшло некалькі імпрэзаў, наўпрост прысьвечаных ўгодкам Віцебску. Гэта, як вызначылі арганізатары, паэтычная фэерыя “Закаханыя над горадам” – адмысловы канцэрт у амфітэатры, назва якога адпавядала вядомай карціне Марка Шагала. Але ж трапіць на гэты канцэрт мог далёка ня кожны, бо колькасьць месцаў у амфітэатры абмежаваная.

Другой юбілейнай імпрэзай было тэатралізаванае відовішча на плошчы 1000-годзьдзя Віцебску. Але гэтая пляцоўка не прыстасаваная дзеля той колькасьці гледачоў, якія хацелі б пабачыць хаця б нешта. Таму адбылося так, што сьвята горада аказалася недасягальным для большасьці гараджанаў. І вельмі часта даводзілася чуць, што варта было б усё ж адасобіць Дзень горада ад “Славянскага базару”, асабліва ў юбілейны год, калі адзначыць круглую дату хочацца больш грунтоўна.

Акрамя таго, 18 ліпеня быў абвешчаны як працяг сьвяткаваньня віцебскіх угодкаў, так і Дзень культуры Беларусі. Зрэшты, усё сказанае пра дзень горада можна аднесьці і да Дня культуры Беларусі: такі самы жанравы “вінэгрэт”, калі ў адзін дзень праходзяць і канцэрт расейскага джазу, і “Ноч гумару” з расейскімі эстраднымі зоркамі, і сьпевы ансамблю з Ізраілю, і адкрыцьцё выставы латыскай мастачкі Інары Петрусевіч.

Адзінай этнічна калярытнай імпрэзай стаў так званы “Горад майстроў” – выстава-продаж вырабаў народных мастакоў. Аднак удзельнікі, якія прыяжджаюць на такія імпрэзы ў Віцебск штогод, гэтым разам засталіся не зусім задаволеныя. Па-першае, незразумела чаму побач з вырабамі народных майстроў гандлююць звычайнымі рынкавымі таварамі – гадзіньнікамі, біжутэрыяй, посудам і г.д. Па-другое, з кожным годам менее патэнцыйных пакупнікоў, бо хаця б і на саматужныя творы мастацтва ў людзей няма грошай. Ці не таму мінімум спажывецкіх патрэбаў наведніка “Славянскага базару” зазвычай можа задаволіць кругласутачная “харчовая кропка”, дзе гандлююць бутэрбродамі ды рознага кшталту сьпіртовымі напоямі. Самі ж віцябляне з гэтай нагоды найчасьцей выказваюць шкадаваньне:

(Спадарыня: ) “Вельмі хацелася б, каб народ ядналі не супольнае харчаваньне ды пітво, а нейкая ідэя, нейкая духоўнасьць. І асабліва хацелася б гэтага вось у такія дні, як дні гораду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG