Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны зьніжэньня сэксуальнай актыўнасьці палякаў: “усеагульная эратызацыя” жыцьця, перапрацаванасьць, інтэрнэт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Напярэдадні ў Польшчы былі распаўсюджаныя вынікі дасьледаваньняў, паводле якіх, цягам апошняга дзесяцігодзьдзя значна зьменшылася сэксуальная актыўнасьць палякаў. І гэта ў час, калі эканамічная моц дзяржавы расьце, узмацняюцца і дэмакратычныя інстытуты ў Польшчы – адным словам збываецца ўсё тое, за што змагаліся пакаленьні палякаў. Чаму ж усё больш палякаў выбірае замест спальні канапу перад тэлевізарам?

Паводле дадзеных найноўшых сацыялягічных дасьледаваньняў, цягам апошняга дзесяцігодзьдзя колькасьць палякаў, якія ўвогуле займаюцца сэксам, зьменшылася ажно на 10%, а амаль 80% апытаных заявілі, што наведваньне спальні – гэта для іх непрыемны абавязак. Амаль што кожны другі паляк кажа, што калі мае магчымасьць выбраць паміж сэксам і тэлевізарам ці шопінгам, дык ідзе ў краму ці ўключае тэлевізар. І гэтая зьмена сапраўды адбылася ў часы, калі Польшча стала дэмакратычнай і вольнай дзяржавай.

Паводле адмыслоўцаў, прычыны зьніжэньня сэксуальнай актыўнасьці палякаў зусім ня ў тым, што ў часы сацыялізму жылося лёгка і бестурботна, але ў гэтак званай “усеагульнай эратызацыі” грамадзкага жыцьця. Вось меркаваньне сэксапатоляга Міхала Касоўскага.

(Касоўскі) “Справа ў тым, што мы цяпер на кожным кроку сустракаем раздражняльнікі эратычнага зьместу. Гляньце, як часта падобныя матывы выкарыстоўваюцца ў рэкляме, тэлевізійных перадачах, газэтах. Мінэральную ваду, мыла ці заправачныя станцыі рэклямуюць, як правіла, прыгожыя людзі зь ідэальнымі фігурамі. Пасьля ўсяго гэтага ўвечары наш партнэр падаецца нам менш прывабным”.

І яшчэ адзін фактар, як адзначаюць адмыслоўцы, што мае значны ўплыў на зьніжэньне цікаўнасьці да інтымнага жыцьця – гэта стомленасьць. Ва ўмовах вольнага рынку, калі можна добра зарабляць, добрае працоўнае месца становіцца ўсё больш каштоўным, за яго змагаюцца, і адсюль – дадатковая праца пасьля сканчэньня працоўнага дня, канкурэнцыя з калегамі, а як вынік – стрэс, праблемы з патэнцыяй, жаданьне адпачыць.

Цікава, што, паводле вынікаў дасьледаваньняў, у Заходняй Эўропе часьцей за ўсіх сэксам займаюцца сантэхнікі, зубныя лекары, архітэктары й інжынэры, а менш за ўсіх – мэнэджэры рознага ўзроўню.

Акрамя гэтага, як лічаць некаторыя адмыслоўцы, на зьніжэньне сэксуальнай актыўнасьці палякаў паўплывала распаўсюджаньне СНІДу і, як ні дзіўна, інтэрнэту. Тыя, хто мае мала часу, усё часьцей выбіраюць сэкс на адлегласьці з партнэрам, які таксама сядзіць перад маніторам кампутара і не патрабуе залётаў зь кветкамі ды вячэрай у рэстарацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG