Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індэкс чалавечага разьвіцьця Беларусі трохі павысіўся, але ў агульным рэйтынгу Беларусь перамясьцілася з 53 на 62 месца


Юлія Шарова, Менск Паводле справаздачы ААН аб індэксах чалавечага разьвіцьця, гэты паказьнік для Беларусі за год падвысіўся на палову працэнтнага пункту, але сярод іншых 176 краін сьвету Беларусь зьмясьцілася паводле індэксу чалавечага разьвіцьця з 53 на 62 месца. Чаму?

Як тлумачаць адмыслоўцы ААН ды іншыя экспэрты, у такім зьніжэньні рэйтынгу няма нічога нечаканага й асабліва нэгатыўнага. Індэкс чалавечага разьвіцьця вылічваецца паводле трох асноўных пазыцыяў: ахопленасьць краіны ўстановамі адукацыі, чаканая працягласьць жыцьця ды валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва паводле парытэтнай пакупніцкай здольнасьці. Першыя два паказьнікі засталіся ў Беларусі тымі, што й былі раней. Але зьмянілася мэтадалёгія разьліку ВУП: ён стаў папросту меншым. І адпаведна рэйтынг краіны зьнізіўся.

У той жа час экспэрты ААН азначаюць, што гэтае зьніжэньне яшчэ ні пра што не гаворыць: пасьля пераходу на новую мэтадалёгію, напрыклад, Альбанія перасунулася ў рэйтынгу за адзін год ажно на 30 месцаў наперад, хоць рэальнага істотнага прагрэсу там не адбылося. Што да Беларусі, то ейны абсалютны індэкс чалавечага разьвіцьця нават узрос на 0,005. Гэта лічыцца прагрэсам, бо наагул гэты паказьнік можа вагацца ад нуля да адзінкі.

Палітоляг Віталь Сіліцкі мяркуе, што пасьля зьмены мэтадалёгіі разьлікаў ВУП Беларусь ува ўсясьветным рэйтынгу заняла больш адэкватнае месца, чым займала раней.

(Сіліцкі: ) Карціна паціху мяняецца. А ўсе астатнія рэчы – якраз тое, што тычыцца дзяржаўнай прапаганды… Памятаеце, тады мы ўпершыню ўвайшлі ў сьпіс краін з высокім узроўнем чалавечага патэнцыялу. З 55-ці былі на 53-ім у сьвеце – з тых 55-ці, што лічыліся высокімі. Ну, і была адпаведная дзяржаўная прапаганда. А цяпер папросту ўсё становіцца на свае месцы”.

Калі ўзяць найбліжэйшых суседзяў, то сёлета нас вельмі значна абыходзяць краіны Балтыі. Расея, чый рэйтынг у папярэднія гады быў горшым, цяпер абышла Беларусь на 5 пунктаў. Такім чынам, беларускае фармальнае лідэрства на прасторах СНД страчанае. Украіна пакуль позьніцца адносна Беларусі на 8 пунктаў. Спадар Сіліцкі кажа, што сытуацыя ў Расеі й раней было відочна лепшай за беларускую. Цяпер ейная “нафтавая” эканоміка дазволіць краіне ўзьняцца ў рэйтынгу яшчэ вышэй. Што да прагнозаў на будучыню для Беларусі, то экспэрт не чакае нейкіх істотных зьменаў.

Адметна тое, што ў гэтым годзе ўпершыню справаздача ААН выйшла таксама й па-беларуску. Усяго ж у сьвеце толькі чатырнаццаць моваў, на якіх Арганізацыя публікуе штогадовыя зьвесткі пра індэкс чалавечага разьвіцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG