Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску: Беларусь можа пражыць і без прэзыдэнта


Браніслава Станкевіч, Віцебск Напярэдадні адкрыцьця фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, у якім мае ўзяць удзел Аляксандар Лукашэнка, віцебскія мінакі адказвалі на пытаньне Радыё Свабода.

15 ліпеня на Віцебшчыну з чарговым візытам прыехаў Аляксандар Лукашэнка. Мяркуецца, што найперш ён наведае абласны цэнтар ды возьме ўдзел у адкрыцьці фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Гэтая завядзёнка бярэ пачатак яшчэ з 1994 году, і ўсе наступныя 10 год свайго кіраваньня Лукашэнка асабіста апякуецца гэтай імпрэзай.

Сёлета віцябляне таксама маглі назіраць падрыхтоўку да ягонага прыезду: узмоцненае міліцэйскае патруляваньне на вуліцах ды сьпешнае ўпарадкаваньне тых месцаў, якія Аляксандар Лукашэнка мае наведаць. А ці магла б Беларусь наагул абысьціся без прэзыдэнта, пражыць безь яго? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася сёньня да мінакоў на віцебскіх вуліцах.

(Cпадар: ) “Цалкам, цалкам можа абысьціся!”

(Другі спадар: ) “І лёгка нават! Прэзыдэнцтва на Беларусі было ўведзенае па расейскім узоры, і наколькі ў нас гэта аказалася няпроста, цяпер кожны можа назіраць сам!”

(Хлопец: ) “На форуме віцебскага гарадзкога сэрвэра нядаўна праводзілася апытаньне, у якім удзельнікам было прапанавана адказаць на пытаньне “Прыхільнікам якога дзяржаўнага ладу для нашай краіны вы ёсьць?” Варыянты – гэта парлямэнцкая рэспубліка, прэзыдэнцкая рэспубліка, канстытуцыйная манархія, абсалютная манархія або анархія. Дык вось, пакуль што большасьць выбірае варыянт “парлямэнцкая рэспубліка”. Што да “прэзыдэнцкае рэспублікі”, то гэтага варыянту ня выбраў яшчэ ніводны чалавек”.

(Дзяўчына: ) “Можа, і патрэбен такі чалавек – “высока сяджу, далёка гляджу”, які будзе за ўсім сачыць. Але як гэта выглядае цяпер на практыцы, дык ёсьць сумневы ды пытаньні”.

Паводле дзяржаўных мэдыяў, цягам бліжэйшых дзён Аляксандар Лукашэнка будзе цікавіцца добраўпарадкаваньнем тэрыторыяў ды будаўніцтвам жытла ў Верхнядзьвінскім раёне. А ў Віцебску да ягонага прыезду адбудавалі другую чаргу стадыёну “Дынама”, які ён пасьпеў ужо ўрачыста адкрыць летась, і гатэль “Лучоса”, адкрыты зь ягонай прысутнасьцю якраз сёньня.

(Спадар: ) “Гатэль адкрыць дык мог бы й я, да прыкладу. Навошта прэзыдэнту займацца тым, каб адкрываць гатэлі? Прэзыдэнт на Беларусі, можа, і патрэбен, але ёсьць дзьве ўмовы: каб ён абіраўся парлямэнтам і меў выключна прадстаўнічыя функцыі”.

(Другі спадар: ) “Беларусь без прэзыдэнта магла б ды будзе жыць яшчэ доўгія гады. Але дзеля гэтага нам трэба перажыць аднаго – першага!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG