Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабытовыя паслугі ў Менску выконваюць пераважна прыватныя фірмы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Колькасьць аказаных людзям пабытовых паслугаў павялічваецца выключна за кошт прыватнага сэктару, сьцьвярджаюць адмыслоўцы ў гэтай галіне. Аднак што да якасьці, то і прыватнікі ня могуць гарантаваць, што якасьць іх паслугаў заўсёды будзе высокай. Што перашкаджае дамагацца высокай якасьці пабытовага абслугоўваньня? Якая роля тут належыць рынку, а якая – дзяржаве?

Людзі жылі шчасьліва, пакуль не было пабытовага абслугоўваньня … Вольга, прафэсійны бугальтар з Менску, пераканалася ў адноснай дарэчнасьці гэтага жарту. Адклаўшы зь сямейнага бюджэту 40 тысяч, яна пайшла ў цырульню, каб зрабіць мэліраваньне. Адмыслова выбрала прыватны салён, бо там быццам добрая якасьць. А ў выніку зараз ходзіць радыкальнай брунэткай і чакае, калі адрастуць валасы, каб чорныя канцы адрэзаць.

(Вольга: ) “Узяўшы люстэрка я ўбачыла, што яна мяне мэліравала падобна да багоўкі. Я плюнула і загадала фарбаваць мяне зноў у чорны колер. І больш я цырульнікам ня веру”.

Сярод звычайных прэтэнзіяў да менскіх цырульнікаў – ня толькі памылкі ў фарбаваньні. Таксама людзі скардзяцца на дрэннае выкананьне стрыжак, на парушэньні правілаў гігіены, выкарыстаньне дрэнных прыладаў ды іншае. Калі раней крытыка тычылася ў асноўным дзяржаўных цырульняў, то зараз усё больш нараканьняў і на прыватнікаў.

Але ў гэтым ёсьць і аб’ектыўны складнік. З 600 цырульняў у Менску зараз большасьць – прыватныя. Прыватны сэктар у пабытовым абслугоўваньні ўвогуле расьце шалёнымі тэмпамі. “З 2000-га году пабытовых аб’ектаў стала больш амаль у 5 разоў, і рост забясьпечылі ў асноўным прыватнікі”, паведаміў кіраўнік упраўленьня пабытовага абслугоўваньня Менскага гарвыканкаму Аляксандр Коўшэр.

Але як забясьпечыць адпаведны рост якасьці абслугоўваньня? Чыноўнікі з гарвыканкаму больш давяраюць старому адміністрацыйнаму захаду – рэвізіі пад выглядам звычайных кліентаў.

(Коўшэр: ) “Паверце мне, я сваіх рэвізораў альбо супрацоўнікаў упраўленьня часта вечарам выпраўляю ў рэйды – адрамантаваць прас альбо вырабіць ключы. Спачатку за свае грошы, а потым з прэміяльнага фонду ім страты кампэнсую. Бо, прыкладам, яна пастрыглася, а гэта ёй ня трэба”.

Яшчэ Аляксандр Коўшэр паведаміў, што ва ўпраўленьні без увагі не застаецца ніводная скарга кліента на дрэннае абслугоўваньне. Маўляў, “па кожнай разьбіраемся, для нас кліент заўсёды мае рацыю”. Аднак, на маё пытаньне, колькі нядобрасумленных працаўнікоў пабытовай сфэры было пакарана за хібы, кіраўнік ўпраўленьня не адказаў. Сказаў, што ня мае пад рукой статыстыкі.

У Менску, дзе жыве пятая частка насельніцтва краіны, сканцэнтравана амаль палова аб’ектаў пабытовага абслугоўваньня, заўважаюць адмыслоўцы. Каб пабытовы сэктар квітнеў і па-за Менскам, на іх думку, найперш трэба палепшыць стаўленьне мясцовых уладаў да дробнага бізнэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG