Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Бангкоку ў справе барацьбы са СНІДам ёсьць і беларускія прадстаўнікі


Сяргей Навумчык і Аляксей Знаткевіч, Прага На міжнароднай канфэрэнцыі ў справе барацьбы са СНІДам, якая адбылася ў Бангкоку і была арганізаваная ААН, выявіліся два падыходы да праблемы СНІДу.

Сутнасьць дэбатаў, якія адбыліся на 15-й міжнароднай канфэрэнцыі ў справе барацьбы са СНІДам – якім чынам засьцерагчы насельніцтва ад гэтай хваробы. Погляды падзяліліся. На адным баку – Злучаныя Штаты з палітыкай прапаганды сэксуальнага ўстрыманьня і захаваньня інстытуту сям’і як, у пэўным сэнсе, панацэі ад СНІДу, на другім – іншыя краіны і міжнародныя арганізацыі, якія робяць акцэнт на прапагандзе бясьпечнага сэксу ды прэзэрватываў. Апошнія сьцьвярджаюць, што праграмы, заснаваныя на ўстрыманьні, папросту нерэалістычныя. Амэрыканскі каардынатар ў справе барацьбы са СНІДам Рэндал Тобіяс на канфэрэнцыі апэляваў да маральных і рэлігійных каштоўнасьцяў:

(Тобіяс: ) “Калі мы павіны былі б працаваць у разьвіваных краінах, але б адмовіліся супрацоўнічаць з рэлігійнымі арганізацыямі, мы б перакрэсьлілі магчымасьць уратаваць жыцьці, а гэта немагчыма,” – заявіў амэрыканскі каардынатар ў справе барацьбы са СНІДам Рэндал Тобіас, і гэтыя ягоныя словы некаторыя актывісты няўрадавых арганізацыяў сустрэлі воклічамі “Хлусьня!”

Выглядае, што разыходжаньні ў пазыцыі паміж ЗША і іншымі краінамі ў гэтым пытаньні застануцца і надалей. Але пры гэтым Злучаныя Штаты выступаюць у ролі найбольшага фінансавага донару ў справе барацьбы з хваробай, якая з пачатку 1980-х гадоў ўжо забрала больш як 20 мільёнаў жыцьцяў.

***

Мы датэлефанаваліся ў Бангкок да адной з удзельніц канфэрэнцыі, Анастасіі Камлык – прадстаўніцы беларускай няўрадавай арганізацыі “Пазытыўны рух”, якая абараняе інтарэсы ВІЧ-інфікаваных.

(Камлык: ) “Для мяне важна тое, што людзі з розных сэктараў – прадстаўнікі дзяржавы і няўрадавых арганізацый, напрыклад, з Украіны, тут размаўлялі як партнэры. Яны ацэньвалі адно аднога з гледзішча супрацоўніцтва. Наколькі я разумею, у той жа Ўкраіне ў гэтай сфэры вельмі добра наладжанае супрацоўніцтва паміж дзяржаўным і няўрадавым сэктарам ды людзьмі, якія жывуць зь ВІЧ-інфэкцыяй. Такое партнэрства, раўнапраўнае супрацоўніцтва вельмі важнае. Я спадзяюся, што ў Беларусі, калі сюды прыйдуць грошы Глябальнага фонду, мы таксама зможам наладзіць такое партнэрства і рэалізоўваць нашы праграмы супольна”.

Нагадаем, Беларусь падпісала дамову зь міжнароднай арганізацыяй “Глябальны фонд”, якая змагаецца супраць распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі ў сьвеце. У наступныя гады Беларусь мае атрымаць ад “Глябальнага фонду” каля 7 мільёнаў даляраў на змаганьне з ВІЧ-інфэкцыяй, якая выклікае сьмяротна небясьпечную хваробу СНІД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG