Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як успрынялі ананімныя пагрозы спэцслужбаў апазыцыйныя палітыкі?


Ігар Карней, Менск Газэта “Народная воля” надрукавала сёньня ананімны ліст афіцэраў спэцслужбаў, якія папярэджваюць пра намер уладаў фізычна зьнішчыць шэраг лідэраў беларускай апазыцыі. Ці ўсур’ёз успрымаюць гэта самі апазыцыйныя палітыкі?

Сярод тых, з кім, паводле ананімных афіцэраў спэцслужбы, хоча разабрацца ўлада, – генэрал Валер Паўлаў. Паўлаў, колішні паплечнік былога прэм’ера Вячаслава Кебіча, шмат гадоў жыве й працуе ў Расеі й у актыўным палітычным жыцьці Беларусі ня ўдзельнічае. Аднак жа, як гавораць пра яго прадстаўнікі дэмакратычных колаў, генэрал здолеў стаць аўтарытэтнай фігурай для апанэнтаў беларускай улады ў Маскве, што выклікае вялікае незадавальненьне цяперашняга рэжыму. І ананімны ліст з папярэджаньнем пра магчымыя расправы Валер Паўлаў разглядае як досыць сур’ёзную й рэальную небясьпеку.

(Паўлаў: ) “З улікам таго, што ў свой час Лябедзьку й Фралова папярэдзілі пра магчымы напад на дэпутата, і ўсё ж Фралова потым зьбілі ў пад’езьдзе, я да такой інфармацыі стаўлюся зь вялікім даверам. І я ведаю, што цэлая група людзей існуе й працуе ў гэтым кірунку – нэўтралізацыі лідэраў апазыцыі. З іншага боку, нармальных хлопцаў хапае й у спэцслужбах, і яны ўнутры сыстэмы супрацьстаяць самаўпраўству”.

Аўтары лісту паведамляюць, што гэтым разам на ролю эскадронаў сьмерці прызначаны спэцпадразьдзяленьні пры Генэральнай пракуратуры Беларусі й асобныя афіцэры службы аховы Лукашэнкі. Аднак, у памянёных ведамствах такую інфармацыю аспрэчваюць. Гаворыць прадстаўніца Генпракуратуры Антаніна Літвінчук:

(Літвінчук: ) “Насамрэч я пра існаваньне такой службы ня ведаю. Тым больш, як можна ўсур’ёз разглядаць ананімны ліст? Увогуле на падобны ліст, мне здаецца, зусім ня трэба зьвяртаць увагі: калі б у кагосьці былі рэальныя зьвесткі, людзі падпісаліся б”.

У ананімным лісьце гаворыцца, што існуе нават сьпіс магчымых ахвяр спэцслужбаў. Апроч Валер’я Паўлава, Анатоля Лябедзькі й Валер’я Фралова, ў ім таксама пазначаны Сяргей Антончык. Усіх разам – 7 чалавек, якія мусяць быць фізычна зьнішчаны. А 21 ліпеня, у часе заплянаванай масавай акцыі апазыцыі, супраць іх рыхтуецца спэцапэрацыя. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што да такога лісту можна ставіцца па-рознаму, але пакуль застаецца надзённым пытаньне з ужо зьніклымі апанэнтамі ўлады, цалкам ігнараваць падобныя папярэджаньні – неабачліва.

(Лябедзька:) “Спадзяюся, што ва ўладных структур хопіць розуму (хоць гэта вялікі дэфіцыт на сёньняшні дзень) устрымацца ад сілавых дзеяньняў супраць каго б ні было: ці гэтых сямі чалавек са сьпісу, ці іншых грамадзян, якія ня хочуць глядзець на сьвет вачыма Лукашэнкі. Хоць, натуральна, ёсьць і прыклады іншыя – сытуацыя, якая была з Ганчаром, з Захаранкам, Карпенкам. Агульнымі намаганьнямі мы спынілі гэты канвэер сьмерці – чатыры гады ў нас нікога не скрадаюць, не забіваюць. Між тым, я разумею, што людзі, якія цяпер знаходзяцца ля ўлады, ня грэбуюць ніякімі мэтадамі, каб утрымацца на пасадах. І не выключаю, што на нейкія сілавыя дзеяньні – няхай не асабіста супраць мяне – улада пайсьці можа”.

(Карэспандэнт: ) “А само існаваньне такіх ананімных асоб, што сымпатызуюць дэмакратычным сілам, рэальнае?”

(Лябедзька: ) “У КГБ апошнім часам спрабуюць узьдзейнічаць на пэўныя колы афіцэраў, якія не хацелі б займацца незаконнай дзейнасьцю. Выбарачна ідзе “зачыстка”. Там ня ўсё так адназначна, і на адзін капыл я ўсіх супрацоўнікаў КГБ не прымаў бы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG