Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі адной з найстарэйшых рэлігіяў пратэстуюць супраць паклёпаў з боку беларускіх уладаў


Любоў Лунёва, Менск Індуісцкая суполка крышнаітаў накіравала ліст на імя старшыні КГБ Леаніда Ерына: вернікі просяць спыніць кампанію, распачатую супраць іх у дзяржаўным друку і ў Міністэрстве адукацыі. На думку сяброў суполкі, апошнім часам абразьлівыя эпітэты на адрас індуісцкіх рэлігійных меншасьцяў зьявіліся невыпадкова.

Мы не аднойчы паведамлялі пра зьбіцьцё і арышты сяброў індуісцкіх суполак пасьля прыняцьця закону аб рэлігіі. Гэтым разам крышнаіты занепакоеныя зьместам публікацыяў у дзяржаўным друку і ў падручніках для сярэдняй школы, дзе іх называюць небясьпечнай таталітарнай сэктай – але ня толькі гэта. Я размаўляла са старшынёй менскай арганізацыі Сяргеем Высоцкім:

(Высоцкі: ) “У гэтых публікацыях гаворыцца аб тым, што, у прыватнасьці, менскую суполку крышнаітаў зьнялі з рэгістрацыі ў 1997 годзе. Рашэньнем экспэртнага савету ў справах рэлігіяў яе прызналі дэструктыўнай таталітарнай сэктай, якая прыносіць шкоду псыхічнаму і фізычнаму здароўю дзяцей. Дзяржава змагаецца зь нетрадыцыйнымі рэлігіямі. У гэтай барацьбе зьнішчаюць нармальныя арганізацыі, прадстаўнікоў аўтарытэтных рэлігійных рухаў.

Наш рэлігійны рух існуе амаль ва ўсіх краінах сьвету. Гэтая рэлігія – традыцыйная для Індыі, Непалу, і налічвае 5 000 гадоў. Мы зьвярнуліся ў КГБ і маем намер падаць заявы яшчэ ў службу бясьпекі і ў пракуратуру. Апошнія публікацыі абражаюць нашы рэлігійныя пачуцьці і дыскрэдытуюць нашу аўтарытэтную рэлігію. Гэта не надае гонару і людзям, якія распаўсюджваюць такія зьвесткі. Асноўная крыніца інфармацыі – экспэртны савет пры камітэце ў справах рэлігій. Сябры савету, прадстаўнікі старой савецкай атэістычнай школы, дэманструюць сваю глыбокую недасьведчанасьць”.

Чым матывуюць яны небясьпеку, якая сыходзіць ад індуістаў? Заключэньне экспэртнага савету напісана на чатырох аркушах паперы дробным шрыфтам. Там ёсьць даволі цікавыя вынаходніцтвы экспэртаў. На іх думку, сяброўства ў крышнаісцкай суполцы вядзе да “блякіраваньня цалкам рацыянальна-лягічнага мысьленьня адэптаў, што вядзе да разбурэньня працы левай паўкулі мозгу, разбурэньня ўсіх творчых патэнцыяў адэптаў, што пазбаўляе Рэспубліку Беларусь будучых творчых кадраў і зьніжае творчыя патэнцыі нацыі...” Робіцца выснова, што яны – абыякавыя да ўсяго, псыхічна і фізычна хворыя людзі.

А напрыканцы такое абагульненьне: “крышнаіты ставяць палітычныя задачы захопу ўлады, увядзеньня каставай сыстэмы з абгрунтаваньнем веры ў бога Крышну, як славянскага бога, праўленьнем брахманаў і ўсталяваньню канцлягераў для іншадумцаў – гэта вызначана ў ідэалёгіі славяна-цюркскага нацыянал-сацыялізму”. Гісторыкі кажуць, што аўтары “Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)” могуць пазайздросьціць такім вынаходніцтвам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG