Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 ліпеня французы ўзялі Бастылію, а беларусы заснавалі Выдавецкае Таварыства


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 14 ліпеня

14 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Кузьма і Дзям’ян. У народзе іх лічылі апекунамі сенакосу і падрыхтоўкі да жніва. А Кузьму – паводле сугучнасьці імя – яшчэ й апекуном кавальства. Таму ў кузьнях у гэты дзень не працавалі.

А ў Францыі сёньня адзначаюць Дзень пачатку Вялікай францускай рэвалюцыі. Непасрэднай прычынай гэтай рэвалюцыі стала банкруцтва дзяржавы, якая ў такім выглядзе была ня здольная расплаціцца зь велізарнымі даўгамі. Тады аўтарытарны кіраўнік кароль Людовік XVI быў вымушаны склікаць Нацыянальны сход, а сход адмовіўся слухацца караля і абвясьціў сябе Ўстаноўчым сходам. Кароль, аднак, памкнуўся разагнаць сход, што выклікала абурэньне ў народзе. У Парыжы пачалося паўстаньне. І вось 14 ліпеня 1789 году народ штурмам узяў крэпасьць-турму Бастылію, што была сымбалем аўтарытарнае ўлады караля. Гэты дзень і лічыцца днём пачатку Францускай рэвалюцыі.

14 ліпеня 1913 году ў Вільні было заснаванае Беларускае Выдавецкае Таварыства – галоўнае на той час беларускае кніжнае выдавецтва. Стварыў яго на базе тагачаснай рэдакцыі газэты “Наша Ніва” Іван Луцкевіч разам зь сябрамі. Дзясяткі кніг мастацкае літаратуры, календароў і падручнікаў, альманахаў і слоўнікаў надрукавала Беларускае Выдавецкае Таварыства за чвэрць стагодзьдзя свае дзейнасьці.

14 ліпеня ў 1743 годзе ў Казані нарадзіўся расейскі прыдворны паэт Гаўрыла Дзяржавін. Дзяржавін ня толькі пісаў оды царам, але адзначыўся і ў палітыцы. Напрыклад, удзельнічаў у палацавым перавароце, у выніку якога на пасад узышла імпэратрыца Кацярына ІІ, а таксама – у разгроме паўстаньня Емяльяна Пугачова.

14 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканская пісьменьніца Гарыэт Бічэр-Стоў, кніжку якой “Хаціна дзядзькі Тома” ў дзяцінстве чыталі ўсе; Ірвінг Стоўн, таксама амэрыканец, які пісаў біяграфічныя раманы пра Ван Гога, Джэка Лёндана, Фройда і іншых славутасьцяў; Джэральд Форд, ужо за нашай памяцьцю прэзыдэнт ЗША, 38-ы па ліку; Інгмар Бэргман, знакаміты швэдзкі кінарэжысэр.

14 ліпеня ў 1891 годзе нарадзіўся Пятро Бузук, беларускі мовазнавец. Бузук ачольваў Інстытут мовазнаўства Акадэміі Навук напярэдадні бальшавіцкае рэформы беларускае мовы ў 1933-м годзе, склаў першы атляс беларускіх дыялектаў. Натуральна, Пятро Бузук не прыняў згаданае рэформы і быў рэпрэсаваны, як, зрэшты, і амаль усе ягоныя калегі – беларускія мовазнаўцы.
XS
SM
MD
LG