Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема: апынуцца на вуліцы ці памерці з голаду?


Казімір Яноўскі, Гомель У Хойніках – палескім райцэнтры, заражаным радыяцыяй – набывае масавы характар практыка прымусовага высяленьня з кватэраў тых гараджанаў, якія ня сплачваюць жытло ды камунальныя паслугі.

Паводле зьвестак жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Хойніцкі камунальнік”, з кватэраў ужо прымусова выселілі сямёра гаспадароў: у прыватнасьці, спадароў Повада, Кісьліцкую, Лукашэнку, Жукава ды некаторых іншых. У раённым судзе цяпер знаходзяцца справы на высяленьне яшчэ чатырох гараджанаў.

“Хойніцкі камунальнік” паведамляе пра падрыхтоўку дакумэнтаў у суд на высяленьне чарговых сямі гаспадароў, які своечасова не сплацілі камунальныя паслугі. 8 гаспадароў нейкім чынам зьліквідавалі запазычанасьць пасьля таго, як даведаліся, што ім пагражае высяленьне праз суд.

Толькі ў двух чалавек з усяго сьпісу неплацельшчыкаў запазычанасьць дасягнула мільёна: у аднаго – роўна мільён, у другога – 1 мільён 90 тысячаў рублёў. У астатніх сумы запазычанасьці вагаюцца ад 500 да 900 тысячаў рублёў.

Куды ж высяляюць гараджанаў – хіба на вуліцу? Узамен кватэраў з выгодамі людзі атрымліваюць пакінутыя пасьля Чарнобылю хаты перасяленцаў альбо старыя баракі. Іншым разам неплацельшчыкі самі шукаюць састарэлых гараджанаў, што жывуць у прыватных дамах. Дамаўляюцца і абменьваюць гарадзкія кватэры на прыватныя дамы. Састарэлыя і нямоглыя людзі часам пагаджаюцца на такі варыянт. Ня трэба назапашваць на зіму паліва, насіць ваду з калодзежа.

Найпершая прычына таго, што людзі ня плацяць за жытло – ня ў іхняй абыякавасьці (хаця ёсьць і такія выпадкі), а пераважна ў тым, што людзі ня здольныя заплаціць. Шмат хто зь іх ня мае працы. Іншыя, працуючы, ня здольны ўтрымліваць сям’ю і сплачваць высокія камунальныя плацяжы з прычыны нізкіх заробкаў.

Распавядае рабочы рамонтнага заводу, які назваўся Сяргеем:

(Рабочы: ) “Зарплаты няма, лічы. За 60 тысячаў можна пракарміць сям’ю? Стань, за кватэру заплаці. Іншы раз пазычаю, іншы раз прадуктамі даюць у нас на заводзе. Я па году не атрымліваю зарплаты. Во то каўбасу, то рыбу прывозяць. Возьмеш так, каб карміць сям’ю, а потым, калі вылічваюць, у мяне такога заробку не выходзіць”.

У такім ці нават горшым становішчы жывуць многія жыхары Хойнікаў. Таму і паўстае ў людзей дылема: сплачваць камунальныя плацяжы ці выжываць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG