Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Der Tagesspiegel” да 10-гадовага тэрміну Лукашэнкі: “Стомленая апазыцыя”


Ул. інф. Аўтакрат Аляксандар Лукашэнка, які ўжо 10 год кіруе Беларусьсю, зусім ня думае разьвітвацца са сваёй прэзыдэнцкай пасадай. Тым часам беларуская апазыцыя, відавочна, стамілася, – вынікае з публікацыі ў нямецкім выданьні “Der Tagesspiegel”.

Напярэдадні 10-цігодзьдзя з дня лукашэнкавага кіраваньня краінай беларуская апазыцыя заклікала насельніцтва да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Як піша “Der Tagesspiegel”, у апазыцыі маюцца доказы, што Лукашэнка, насуперак дзейнай Канстытуцыі, зьбіраецца кіраваць краінай і надалей. Крытыкі рэжыму ўпэўнены, што хуткім часам, паводле падрыхтаванага ўладамі сцэнару, шматлікія, аплачаныя рэжымам, беларусы пачнуць з тэлеэкранаў прасіць Лукашэнку застацца й на трэйці тэрмін. Гэта будзе своеасаблівай прэлюдыяй да рэфэрэндуму. У тое, што Лукашэнка пакіне сваю пасаду ў 2006, ня верыць ніхто.

Калі ў 1990-я гады, – піша нямецкае выданьне, – апазыцыйныя акцыі з падобнай нагоды маглі б сабраць дзясяткі тысяч, то цяпер у такіх дэманстрацыях бяруць удзел усяго толькі дзясяткі. Удзельнікі гэтых акцыяў пратэсту – пераважна немаладыя жанчыны-змагаркі. Шматгадовыя перасьледы апазыцыі зрабілі дзейнасьць палітычных партыяў і незалежных выданьняў неўплывовай.

Як вынікае з публікацыі ў “Der Tagesspiegel”, ня менш паралізуе апазыцыю й схільнасьць суайчыньнікаў прыстасоўвацца да рэжыму. Шырока вядома, што сярод моладзі шанцы зрабіць кар’еру мае той, хто зьяўляецца сябрам патрыятычнага саюзу – гэтак званага Лукамолу. Большасьць жыхароў краіны трымаюцца за працу на дзяржаўных прадпрыемствах ці ва ўстановах – і ў выніку ёсьць залежнымі ад рэжыму. Гэтыя дзяржаўныя працаўнікі маюць, як правіла, часовыя кантракты, а таму знаходзяцца ў вельмі няпэўным стане.

Тыя, хто трымаецца з боку ад палітыкі, могуць адчуваць сябе спакойна. Розныя сацыяльныя ды іншыя канфлікты ў гэтым грамадзтве – рэдкасьць. Пэнсіі й заробкі ў жыхароў Беларусі стабільныя, хаця й невысокія, квартплата й энэргія датуюцца дзяржавай.

Як піша нямецкая газэта, насуперак усялякай эканамічнай лёгіцы, рэжым непатапляльны.Да апошняга часу гэтаму спрыялі пастаўкі таннай расейскай сыравіны. Але ў шчыльным партнэрстве з Расеяй, аднак, заўважаецца прыкметная расколіна. Пляны Лукашэнкі аб’яднаць абедзьве краіны на роўных умовах адрынуліся на далёкую пэрспэктыву, – піша “Der Tagesspiegel”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG