Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў устаноўчы сход першай касы ўзаемадапамогі ў гісторыі незалежнай Беларусі


Сьвятлана Курс, Менск “Сталічны клюб узаемадапамогі” аб’яднаў людзей, якія “скінуліся” па 20 эўра ў агульную касу, каб кожны мог браць адтуль пазыкі да 1000 эўра. Гэта першая каса ўзаемадапамогі ў Беларусі. Між тым, у сьвеце існуе 55 тысячаў крэдытных саюзаў, якія аб’ядноўваюць каля 100 млн. сяброў. Гэта ў асноўным – бедныя людзі, якія ня маюць доступу да банкаўскіх крэдытаў.

Гэта першая каса ўзаемадапамогі ў гісторыі незалежнай Беларусі – але самыя першыя касы ўзаемадапамогі стваралі менскія гандляры ў 70-х гадох 19 стагодзьдзя. Тады такіх касаў было 6 тысячаў, іхны абарот урэшце склаў 250 млн. рублёў – тады вялізныя грошы. Былі ў дарэвалюцыйнай Беларусі і габрэйскія касы ўзаемадапамогі.

За Саветамі касы ствараліся паўлегальна, напрыклад – на буйных прадпрыемствах і ўстановах, і зваліся “чорнымі касамі”. Зь іхнай дапамогай бедны савецкі чалавек мог перахапіць 10 рублёў да палучкі або набыць буйную рэч – тэлевізію, лядоўню, мэблю.

І вось залетась бізнэсовец Ігар Мікульчык з групаю актыўных людзей пачалі стварэньне першае беларускае касы ўзаемадапамогі з унёскам 20 эўра з чалавека.

(Мікульчык: ) “У нас прайшоў устаноўчы сход, на якім мы зарэгістравалі спажывецкі каапэратыў. Ён будзе звацца “Сталічны клюб узаемадапамогі”. Агульны сход пастанавіў, што ўнёсак будзе 20 эўра. У нас праблема выйшла зь юрыдычным адрасам. Ляжаць нашыя дакумэнты ў гарвыканкаме”.

А як дзяржава ставіцца да стварэньня касаў узаемадапамогі? Спадар Мікульчык сьцьвярджае, што прыхільна. Але пры гэтым дзяржава адмаўляе Клюбу ў рэгістрацыі – з-за фармальных нязладкаў у юрыдычнай адрэсе.

Дарэчы, Дзяржкамчарнобыль прапануе стварыць касы ўзаемадапамогі на чарнобыльскіх тэрыторыях. Гэта адна з магчымасьцяў перамагчы жабрацтва ў пацярпелых рэгіёнах. Увогуле, дзяржава вітае каапэрацыю сродкаў, але, відаць, хацела б кіраваць гэтым працэсам.

Падобна, што стварэньне касаў узаемадапамогі ў Беларусі выгадна ўсім. У сьвеце гэтыя таварыствы жартаўліва завуцца “акцыянэрнымі таварыствамі жабракоў” або “калектыўным мільянэрам”. Ва Ўкраіне зварот крэдытнай каапэрацыі складае 25 млн. даляраў, у Польшчы – больш за 50 млн. даляраў. Выгада для дзяржавы ў тым, што прыватныя грошы актыўна ўвайшлі б у эканоміку.

У адрозьненьне ад фінансавых пірамідаў, ад якіх пацярпелі людзі ў 90-х, касы ўзаемадапамогі ствараюцца невялікімі суполкамі людзей, якія аб’яднаныя агульным інтарэсам – хутка атрымаць пазыку тады, калі ў цябе не хапае грошай на жыцьцё, бізнэс або буйны набытак. Працэнт у касе ўзаемадапамогі невялікі або зусім адсутнічае. Да таго ж, у касе цябе не спытаюць, нашто табе грошы. А для банкаўскага крэдыту патрэбныя даверчыя дакумэнты й маёмасьць у заклад, чаго ў бальшыні беларусаў папросту няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG