Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будаваў Вільню? Перадача трэцяя


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Старадаўняя Вільня пры канцы мінулага стагодзьдзя была абвешчаная ЮНЭСКА здабыткам усясьветнае спадчыны. Помнікі розных эпохаў і сьвятыні розных канфэсіяў тут мірна суседзяць. Гэткія вялікія архітэктурныя стылі як барока і ракако ў Вільні запачаткавалі беларускія дойліды. Самымі славутымі зь іх былі Ян Франковіч зь Менску ў 17 стагодзьдзі й Тамаш Жаброўскі з-пад Наваградку ў 18 стагодзьдзі. На зьмену барока і ракако прыходзіць новы тагачасны стыль — клясыцызм. У гэтым стылі ці працавалі беларускія дойліды ў Вільні?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Так, натуральна! Скажу нават больш: на мяжы 18 і 19 стагодзьдзяў у Вільні склалася ўласная магутная архітэктурная школа раньняга клясыцызму. Са сьценаў Віленскага ўнівэрсытэту выйшла выбітная плеяда дойлідаў, нашых землякоў: Мікалай Вялічка, Ян Корсак, Антон Рымкевіч, Мікалай Амбражэвіч, Ян Сабалеўскі”.

(Ракіцкі: ) “Бадай, сярод нашых слухачоў ёсьць носьбіты гэтых жа прозьвішчаў. І гучаць яны цалкам па-беларуску, па-свойску... Разумею, што гэтыя дойліды прэзэнтавалі ўжо стыль клясыцызму. А якое імя, на тваю думку, варта ўсё ж вылучыць найперш?”

(Харэўскі: ) “У другой палове 18-га — першай палове 19 стагодзьдзя ў Вільні працавала беларуская дынастыя дойлідаў Падчашынскіх. Архітэктар Ян Падчашынскі, які выкладаў архітэктуру ў Віленскім унівэрсытэце і прымаў удзел у рэканструкцыі Віленскай катэдры і ратушы, збудаваў у радзінных Жырмунах, на Воранаўшчыне, касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа, а таксама касцёлы ў Мяляцічах паблізу Крычава і ва Ўзьдзе.

А вось ягоны сын, Караль Падчашынскі, стаў самым выбітным дойлідам Вільні першай чвэрці 19 стагодзьдзя. Ягонае імя больш-менш ведама цяпер і ў Беларусі. Ён скончыў Віленскі ўнівэрсытэт і выкладаў у ім. У 1814–1816 гады, ужо як выкладчык віленскай катэдры архітэктуры малады Падчашынскі прайшоў акадэмічную стажыроўку ў Пецярбургу. Затым два гады студыяваў у Італіі і ўва Францыі”.

(Ракіцкі: ) “А ў Вільні чым вызначыўся Караль Падчашынскі? Што было ім зроблена, пабудавана тамака адметнага?”

(Харэўскі: ) “Найперш, гэта вялізарны палац на Тускуленах, што на беразе Вяльлі, каля Антокаля. Спачатку гэта была рэзыдэнцыя віленскага губэрнатара Рымскага-Корсакава, пасьля яго набыў маршалак тутэйшага дваранства Пісанка. А таксама палацы генэрал-губэрнатара, дзе цяпер рэзыдэнцыя прэзыдэнтаў Літвы і біскупа Клангевіча. Агулам блізу тузіна дамоў. Ён капітальна рэканструяваў увесь ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту. Але найперш праславіўся ён завяршэньнем рэканструкцыяў Віленскага архікатэдральнага сабору, у прыватнасьці, ён завяршыў аздобу вежы-званіцы і... касьцёла Сьвятога Яна. Гэта і былі апошнія будаўнічыя працы ў гэтай сьвятыні. Да гатычна-барочна-ракайльных аздобаў дадаліся і клясыцыстычныя. Прынамсі, кожны, хто бываў у Вільні, мусіў бачыць элеганцкі чатырохкалённы портык на рагу вуліцаў Сьвятаянскай і Замкавай. Працы ў касьцёле Сьвятога Яна трывалі тры гады, да 1829 году. Бадай, ніхто з дойлідаў гэтак ня ведаў гэтае сьвятыні як Караль Падчашынскі, якому не было тады й сарака гадоў”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, яшчэ адно паданьне даносіць да нас рэха гістарычнае праўды…

Аднаго дня, летам 1845 году віленская грамадзкасьць была ўзрушаная і зацікаўленая загадкавым здарэньнем. На ганку пры дзьвярах касьцёлу Сьвятога Яна сядзеў закрысьціянін тае сьвятыні. Меў ён выгляд разгублены й няшчасны, бессэнсоўна бавячыся з залатымі манэтамі, што невялічкай жменяю валялася на зямлі. На ўсе роспыты чалавек нічога ня здолеў паведаміць, і яго, бедака, зьмясьцілі ў шпіталь. Аднак пазьней, паміраючы, закрысьціянін здолеў паведаміць перад прычасьцем наступнае: зьявіўся аднойчы да яго дзіўна ўбраны чалавек, падобны да чужаземца і папрасіў правесьці ў касьцёльныя лёхі. Паквапіўся на грошы тады той закрысьціянін і згадзіўся. Як зайшлі ў касьцёл бакавым ходам, то загадкавы госьць завязаў яму адмысловай хустаю вочы. Доўга-доўга блукалі яны па касьцёлу. Затым пакрысе пачалі сыходзіць у лёхі. Адчуваліся холад і вільгаць. Раптам чужаніца скамандаваў: “Basta” і разьвязаў вочы закрысьціяніну. Стаялі яны пасрод даўжэзнага калідору перад жалезнымі дзьвярыма. Пры тускным сьвятле лятарні незнаёмца, яны ўдвох зь цяжкасьцю адамкнулі дзьверы. А за імі...

Пасярод склепу стаяў вялізарны жалезны куфар. Яго чужаніца адамкнуў уласным ключом. Поўны той быў куфар золатам — манэтамі, кляйнотамі, мэдалямі й пярсьцёнкамі. Ад выгляду такога скарбу агарнула млосьць. Незнаёмец тым часам напоўніў некалькі цяжкіх валізаў і зноў завязаў вочы закрысьціяніну. Калі ж той ачомаўся, то пабачыў сябе на касьцельным ганку са жменяю залатых у руках. А незнаёмага ніхто болей і ня ўбачыў. Хоць і высьветлілі, што такі спыняўся ў гатэлі “Італія”, што наймаў фурмана, які завёз яго да Троцкай дарогі, але ані паліцыя, ані проста цікаўныя больш нічога й не дамагліся. Марнымі сталіся й доўгія пошукі таго калідору з запаветным пакоем за жалезнымі дзьвярыма ў лёхах касьцёлу Сьвятога Яна”.

(Харэўскі: ) “Дата гэтага падрабязнага паданьня, адрас здарэньня — касьцёл Сьвятога Яна, дасьведчанасьць у ягонай пляніроўцы героя аповеду, назва гатэлю і іншыя дэталі даюць падставы меркаваць, што тут вядзецца менавіта пра Караля Падчашынскага. Ён апошні дойлід, які праводзіў рэканструкцыю ў той сьвятыні, ён насамрэч зьнік зь Вільні ў 1831 годзе, напярэдадні паўстаньня, аб’явіўшыся на Валыні праз пару гадоў. Пасьля Падчашынскі вандраваў у Эўропе і толькі ў 1845 вярнуўся на бацькаўшчыну. Але ў Вільню прыехаў перад самай сьмерцю, што знайшла яго тут у 1860 годзе. Дарэчы, да ўсяго ён быў кальвіністам, рэфарматам, што таксама надавала ягонай асобе “чужасьці” для прыхаджанаў касьцёлу Сьвятога Яна”.

(Ракіцкі: ) “У мінулую перадачу мы ўжо падымалі тэму талеранцыі нашых дойлідаў у мінулым. Але наколькі вызначальным было веравызнаньне для Падчашынскага? Ці гэта проста дэталь?”

(Харэўскі: ) “Не, ня проста. Ён быў з каталіцкага роду. І памяняў веру адразу па сьмерці бацькі. Але для нас істотна, што ўвадначасьсе з працамі над касьцёламі, ён пабудаваў у Вільні вялікі збор эвангелікаў-рэфарматаў, то бок кальвіністаў. Ён і дасёньня стаіць і дзеіць “на зялёнай Піліме, на Завальнай калішняй”. А яшчэ паводле ягонага праекту была пабудаваная кальвінская гімназія ў Слуцку”.

(Ракіцкі: ) “Гэта тая самая славутая Слуцкая гімназія, якую заканчвалі Аляксандар Асерка, Альгерд Абуховіч, Язэп Дыла ды тузін ня менш славутых дзячоў нашае культуры?”

(Харэўскі: ) “Так, тая самая, што цудам ацалела да нашых дзён ад 1829 году. А яшчэ Караль Падчашынскі пабудаваў у нас вучэльні ў Бабруйску, Мазыры, Невелі, але перадусім славуты Жыліцкі палац. Да таго ж Падчашынскі ўклаў і выдаў трохтомную працу “Пачаткі архітэктуры”.

(Ракіцкі: ) “А ці іншыя тагачасныя беларускія дойліды будавалі толькі ў Вільні? Ці можна яшчэ прывесьці прыклады ў сучасных межах Беларусі творчасьці віленскіх беларускіх архітэктараў 17-га — пачатку 19 стагодзьдзяў?”

(Харэўскі: ) “Натуральна. Габрыэль Лянкевіч перабудаваў езуіцкі калегіюм і касьцёл у Полацку, а таксама і ў Віцебску. Аляксандар Аўсюкевіч, які ўдзельнічаў у пабудове славутых базыльянскіх муроў у Вільні, пабудаваў цудоўную бажніцу ў стылі ракако, што ў Барунах. Казімер Камінскі, які ў Вільні будаваў кляштар францішканаў і перабудоўваў касьцёл Найсьвяцейшае Панны Марыіі, пабудаваў таксама касьцёл ва Ўдзеле, што на Глыбоччыне, рэканструяваў кляштар францішканаў у Пінску, пабудаваў там славутую званіцу. Аўгуст Касакоўскі пабудаваў для дамініканцаў касьцёл у Астраўцы і касьцёл у Валожыне, а таксама плябань і аптэку абапал касьцёлу ў Варнянах. Гэтыя ўсе пабудовы захаваліся. Сьпіс можна доўжыць і доўжыць”.

(Ракіцкі: ) “Дойліды якіх яшчэ нацыянальнасьцяў працавалі ў Вільні?”

(Харэўскі: ) “Багата было архітэктараў з Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы. Працавалі ў Вільні і ваколіцах французы: Жэну, Поль, Пусье, Рыго. Але, ведама, найбольш было італьянцаў: Тэнкала, Пуціні,Фрэдыяні, Спампані, Пэрэці, Фантана, Росі, Сака, усіх не зьлічыць. Пасьля найболей было немцаў: Дыдэрштайн, Гэрдэгайн, Гофэр, Кнакфус, Шыльдгаўз, Шульц, ну і, канечне, Ян Крыстафор Гляўбіц, родам з Саксоніі які аддаў 30 гадоў жыцьця, будуючы самыя розныя бажніцы ад Вільні да Мсьціслава і Магілёва”.

(Ракіцкі: ) “А продкі сучасных літоўцаў ці, як часам кажуць, летувісаў? Ці былі ў Вільні дойліды гэтага паходжаньня?”

(Харэўскі: ) “Прынамсі адзін быў. Гэта найбуйнейшы архітэктар канца 18 стагодзьдзя ў Літве і Беларусі Лаўрэн Гуцэвіч, па-літоўску Гуцявічус. Ён зрабіў карэнную рэканструкцыю Віленскай архікатэдры Сьвятога Станіслава, пабудаваў комплекс біскупскіх палацаў у Вярках, ратушу і дзясяткі дамоў у стылі раньняга клясыцызму, спарадкаваў пляніроўку Вільні. Між іншым, паводле ягонага праекту была пабудаваная рэзыдэнцыя біскупа Сестранцэвіча ў Маляцічах, на Мсьціслаўшчыне з копіяй рымскага сабору Сьвятога Пятра, паменшанага ў восем разоў, палацавы комплекс Сапегаў у Дзярэчыне і палац у Відзах Лаўчынскіх, што на Браслаўшчыне.

Літоўцы вельмі шануюць гэтага дойліда. Ягоным імем названыя вуліцы, яму пастаўлены помнік у Вільні, дагледжаная ягоная магіла, выдаюцца манаграфіі й буклеты, прысьвечаныя ягонай творчасьці. Любы адукаваны літовец ведае гэтае імя”.

(Ракіцкі: ) “Вось дзе прыклад, варты перайманьня. Чаму бы не ўсталяваць у Менску помнік нашаму славутаму дойліду Яну Франковічу, на ягонай радзіме? Назваць бы імем Тамаша Жаброўскага вуліцу ў Бабруйску і на рэштах тамтэйшага езуіцкага калегіюму ў крэпасьці прымацаваць мэмарыяльную шыльду. Чаму бы не парупіцца нашым выдавецтвам пра перавыданьне кніг па тэорыі архітэктуры Караля Падчашынскага?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG