Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 13-й сэсіі ПА АБСЭ ў Эдынбургу падпісаная сумесная дэклярацыя паміж рабочай групай па Беларусі і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй


Ул. інф. Гэта адбылося падчас правядзеньня дэбатаў па Беларусі. У Дэклярацыі беларускі бок бярэ абавязак дапусьціць апазыцыю да сродкаў масавай інфармацыі й выканаць шэраг умоваў эўрапейскіх структураў што да празрыстасьці й дэмакратычнасьці выбараў. Перад гэтым кіраўнічка рабочай групы Ута Цапф выступіла з прапановай адклікаць падрыхтаваны раней тэкст рэзалюцыі й прапанавала на разгляд удзельнікаў сэсіі сумесную дэклярацыю. Пасьля больш чым двухгадзіннай дыскусіі тэкст пагадненьня быў ухвалены парлямантарамі АБСЭ.

Мы дазваніліся да Уты Цапф у Эдынбург. Нашае першае пытаньне: чым усё ж было выклікае рашэньне адклікаць рэзалюцыю?

(Цапф: ) “Мы мелі тут у Эдынбургу інтэнсіўныя перамовы, часам вельмі вострыя, аднак у выніку мы вырашылі скласьці сумесную дэклярацыю, пагадненьне паміж рабочай групай ПА АБСЭ і беларускай дэлегацыяй у Эдынбургу, якія тычаць маючых адбыцца выбараў. Гэтая дэклярацыя ўтрымлівае запэўніваньні беларускіх парлямэнтароў у тым, што яны зацікаўленыя ў дэмакратычных і празрыстых выбарах, што яны пойдуць насустрач апошнім рэкамэндацыям БДІПЧ, і, такім чынам, гэтыя выбары будуць адпавядаць стандартам АБСЭ. І трэці момант, на якім настойвае нашая група і зь якім цалкам пагадзіўся беларускі бок цалкам — доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, шырокае палітычнае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях, магчымасьць для ўсіх кандыдадатаў мець роўныя правы ў выбарчай кампаніі. Гэта можна сказаць істотныя запэўніваньні зь беларускага боку. У адказ ён атрымаў штосьці кшталту даверу. Таму мы адклікалі назад гэтую рэзалюцыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Наш калега ўжо гутарыў з адным беларускім парлямантаром, удзельнікам эдыбурскай сэсіі, і той сказаў, што беларуская дэлегацыя атрымала перамогу ў Эдынбургу…”

(Цапф: ) “Я бы ўсё ж вельмі ўважліва яшчэ раз перагледзела тое, пад чым беларускі бок падпісаўся. Дагэтуль яшчэ ні разу зь беларускага боку не гучала словаў, што яны, напрыклад, хочуць падтрымаць і правесьці ўсе апошнія рэкамэндацыі БДІПЧ. Альбо свабодны доступ апазыцыі да мэдыяў. Трэба яшчэ раз вельмі ўважліва перагледзець тэкст — пад чым яны падпісаліся”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж вы самі напярэдадні былі ў Менску, вывучалі сытуацыю. Вы з аптымізмам глядзіце на тое, што цяпер паабяцаў беларускі бок?”

(Цапф: ) “Гэта было бы перабольшаньнем — сьцьвярджаць, што я маю аптымізм у гэтым кірунку. Аднак я лічу, што трэба выкарыстоўваць любы зрух, у тым ліку той момант, што беларускія парлямэнтары бяруць на сябе адказнасьць гарантаваць правядзеньне ў Беларусі выбараў паводле стандартаў АБСЭ. Размова не ідзе пра тое, што яны зьменяць усё, што робіць Лукашэнка. Мы зыходзім з таго, што беларускія парлямэнтары паставілі свой подпіс пад тым, што патрабуюць ад іх эўрапейскія парлямэнтары”.

(Карэспандэнтка: ) “Напярэдадні эдынбурскай сэсіі ў некаторых эўрапарлямэнтароў, у тым ліку ад вас, можна было пачуць, што рэзалюцыя па Беларусі будзе ўхваленая. Але вось мы бачым цяпер іншае разьвіцьцё. Вы, вашая група апынуліся пад уплывам іншых дэлегацыяў — Расеі, некаторых іншых краінаў?”

(Цапф: ) “На мяне ніхто не ўплывае. Ні Расея, ні ЗША”.

Спадарыня Цапф зьбіраецца наведаць Беларусь у найбліжэйшы час, каб убачыць, як выконваюцца Менскам умовы дэклярацыі. Канкрэтны тэрмін паездкі невядомы, гэта будзе за месяц-другі перад выбарамі.

Гл. таксама • Вінцук Вячорка пра падпісаньне заявы ў Эдынбургу: “Гэта разьлік на тое, што дэклярацыя і папера – гэта адно, а практыка – гэта другое” • Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ Віктар Гайсёнак: “Гэта не перамога, але і не саступка”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG