Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 ліпеня пракуратура прыме рашэньне аб меры стрыманьня зьняволенага Валера Леванеўскага


Альгерд Невяроўскі, Менск Больш за два месяцы знаходзіцца ў зьняволеньні лідэр агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Улады абвінавачваюць яго ў абразе гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. 8 ліпеня старэйшы сын Леванеўскага Ўладзімер сустрэўся з журналістамі і распавёў аб апошніх падзеях вакол крымінальнай справы й цяперашняга лёсу свайго бацькі.

Прэсавую канфэрэнцыю Ўладзімер Леванеўскі арганізаваў пры дапамозе актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”. Актывісты “Хартыі” й сын старшыні страйкаму прадпрымальнікаў лічаць, шо апошнім часам мэдыі сталі надаваць справе Валера Леванеўскага менш увагі. Уладзімер Леванеўскі распавёў, што цяпер адбываецца ў справе яго бацькі, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Горадні:

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Нам, братам і сястры, не далі спатканьня з бацькам. Мы накіроўвалі і пісьмовыя, і вусныя просьбы, але старшы сьледчы пракуратуры нам у гэтым адмаўляе. Маці бачылася зь ім толькі 3 чэрвеня, але цяпер ёй таксама адмаўляюць у спатканьні. Сьледзтва відавочна зацягваецца. Паводле адваката, ніякіх допытаў, ніякіх сьледчых дзеяньняў фактычна не вядзецца. 24 чэрвеня бацьку выклікалі ў суд. Прычынай стала вымова і папярэджаньне ад адміністрацыі турмы. За тое, што ён пісаў і чытаў пасьля 10-й гадзіны вечара, і за тое, што ён нібыта адмовіўся ад шпацыру. У судзе высьветлілася, што ён нічога не парушаў”.

Суд аднак адмовіўся зьняць з Валера Леванеўскага спагнаньне. Паводле Ўладзімера Леванеўскага, сьледчы Альфрэд Танкевіч адмаўляецца вярнуць асабістыя рэчы ягонага бацькі, якія ня тычацца крымінальнай справы, а адміністрацыя сьледчага ізалятару ня хоча перадаваць у камэру Леванеўскаму кароткахвалевага прыймача. Сьледзтва таксама ніяк ня можа знайсьці доказаў віны Леванеўскага і ягонага намесьніка па страйкаме Аляксандра Васільева. Гарадзенскія лінгвісты ня маюць адзінай думкі наконт таго, ці была абраза гонару й годнасьці Аляксандра Лукашэнкі ў вершы, апублікаваным у бюлетэні страйкаму “Предприниматель”. Сьледчаму не падабаецца, што Валер Леванеўскі пастаянна піша скаргі ў розныя інстанцыі, а таксама абараняе правы іншых вязьняў.

Уладзімер Леванеўскі вельмі ўдзячны прадстаўнікам міжнародных структураў, праваабаронцам, палітыкам і журналістам, якія выступаюць у абарону ягонага бацькі. Цяпер сям’я Валера Леванеўскага чакае 16 ліпеня, калі пракуратура будзе вырашаць, ці можна вызваліць зьняволенага старшыню страйкаму пад падпіску аб нявыезьдзе. Калі Леванеўскі ня будзе вызвалены, гарадзенскія прадпрымальнікі зьбіраюцца наладзіць акцыі пратэсту. А вось што сказаў каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Мы падтрымалі ініцыятыву групы “Рэспубліка” па правядзеньні акцыі 21 ліпеня. І адным зь лёзунгаў будзе “Свабоду Марынічу!” і “Свабоду Леванеўскаму!”, бо бязь ціску на ўлады нічога ня будзе”.

Валер Леванеўскі быў арыштаваны раніцай 1траўня перад акцыяй пратэсту гарадзенскіх прадпрымальнікаў, жорстка разагнанай міліцыяй. Спачатку ён быў асуджаны на 15 сутак за распаўсюд улётак, а 16 траўня яго абвінавацілі ў абразе гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі й зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. Валеру Леванеўскаму пагражае 3 гады пазбаўленьня волі. Яго сын Уладзімер таксама быў асуджаны на 13 сутак арышту. У справе Леванеўскага супрацоўнікі гарадзенскага КГБ зрабілі ператрусы ў офісах шэрагу недзяржаўных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG