Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці карыстаецца Аляксандар Лукашэнка дапамогай магічных сілаў? – на нашае пытаньне тыдня адказваюць жыхары Віцебску


Браніслава Станкевіч, Віцебск На гэтым тыдні беларусы адзначалі традыцыйнае народнае сьвята — Купальле. Цягам стагодзьдзяў на Беларусі існуе павер’е, што якраз гэтым часам абуджаюцца ўсе магічныя сілы, якія дапамагаюць або шкодзяць людзям. Ці карыстаецца Аляксандар Лукашэнка дапамогаю магічных сілаў? На гэтае пытаньне адказваюць віцебскія мінакі.

(Карэспандэнтка: ) “На гэтым тыдні адзначаецца традыцыйнае сьвята Купальле. Як вы думаеце, ці карыстаецца дапамогаю магічных сілаў Аляксандар Лукашэнка?”

(Спадар: ) “Магічных? Я думаю, карыстаецца. Штатны астроляг, мабыць, у яго ёсьць. Вы ж, мусіць, чытаеце астралягічныя прагнозы ў газэце? І ён чытае, толькі для яго іх адмыслова складаюць! А як жа? Дзесяць гадоў пратрымацца ва ўладзе — гэта вельмі нялёгкая задача”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ён проста добры псыхоляг. Ён добра падрыхтаваны да таго, каб кіраваць натоўпам”.

(Карэспандэнтка: ) “А магічныя сілы?”

(Спадарыня: ) “Не, гэтага, думаю, няма!”

(Спадар: ) “А я не выключаю, што ён карыстаецца ўсім, чым толькі можна, і магічнымі сіламі таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык, можа, у ягоным атачэньні ёсьць астроляг, або хірамант?”

(Спадар: ) “Так, так! І ўсе яны над ім чаруюць-варожаць!”

(Спадарыня: “Не, я мяркую, што ён усё рашае сваёй галавой. Прачнецца ўраньні ды разважае: што бы мне такога зрабіць яшчэ, што б такога сказаць…” (Сьмяецца.)

(Спадарыня: ) “А калі пачынае гаварыць, дык, здаецца, нават нязгодных пераконвае! Вочы заплюшчыш, потым адкрыеш, прыслухаесься — цьфу! Сапраўды нібыта чары якія”.

(Спадар: ) “Я бы хацеў зьвярнуцца да дыягназу, што паставіў доктар Шчыгельскі, — мазаічная псыхапатыя з элемэнтамі паранойі. Такія людзі заўжды вылучаюцца надзвычайнай энэргіяй, якую часам выкарыстоўваюць не на добрае. А падсілкоўваецца ў Лукашэнкі гэтыя энэргія тым, што ён атрымлівае асалоду ад улады”.

(Карэспандэнтка: ) “А якімі-небудзь магічнымі сродкамі ён карыстаецца?”

(Дзяўчына: ) “Ну, хіба вусамі! І рука — рука за крысо маршальскага мундзіру!” (Рагоча.)

(Спадарыня: ) “Ён у нас сам такі магічны, што ніякіх дадатковых сродкаў ня трэба! Не, сапраўды, галоўнае — ён умее кіраваць натоўпам”.

(Спадарыня: ) “Як я ў магію ня веру, дык думаю, што і ніякіх магічных сродкаў няма!”

(Спадарыня: ) “А я раскажу вам сваю гісторыю. Я езьдзіла ў Ізраіль, па сьвятых мясьцінах. Вяртаюся дадому, уключаю тэлевізар, а там Лукашэнка выступае. Гляджу, а ў яго іскры з вачэй так і ляцяць! Чэснае слова! Напэўна, ён нечым такім карыстаецца. Няўжо ж адна гэта бачыла, і ніхто болей не заўважыў?”

(Спадар: ) “Лухта гэта ўсё! Лукашэнка — мужык моцны і не дурны. А ў магію я ня веру”.

(Спадар: ) “Гэта, мабыць, тыя чары, якім паддаліся нашыя людзі, яны ўжо дзесяць гадоў чакаюць, пакуль Лукашэнка выканае ўсе свае абяцаньні! Нічым іншым ён не карыстаецца, і ніякіх магічных сілаў пры ім няма!”

(Спадар: ) “Як мне здаецца, дык лепей за ўсіх пра Лукашэнкаву магію напісаў Барадулін: “Усім адзін стаўляе клізму І лічыць гэта за харызму”. Аляксандар Рыгоравіч дзесяць гадоў круціць галовы беларускім людзям. Пры гэтым кажа, што ён праваслаўны атэіст. Так што гэты імпэт у яго яўна не ад Бога. Ну, можа, ёсьць у яго нейкі там астроляг, які раіць яму, калі выступаць, як рукамі пасы рукамі рабіць, як вачыма вадзіць… І ўсё адно, Барадулін мае рацыю на ўсе 100 адсоткаў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG