Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады намерваюцца адбудаваць магілёўскую Ратушу, але ня ўсім магілёўцам гэта даспадобы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскія ўлады вырашылі аднавіць будынак Ратушы. Гэты сымбаль самакіраваньня гораду быў разбураны за Саветамі, а цяпер Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэньне пабудаваць Ратушу ў першасным выглядзе, якой яна была ў 17-м стагодзьдзі.

Вяртаньне Магілёву Ратушы, сымбаля гарадзкога самакіраваньня, будзе ўнікальнай для абласнога цэнтру падзеяй, якая ўздыме ягоны прэстыж. Так лічыць галоўны архітэктар Магілёва Валянціна Назарук. Пры канцы 17-га стагодзьдзя двухпавярховая Ратуша была пабудаваная пад кіраўніцтвам майстра Феські, потым узьвялі і вежу вышынёй у 40 мэтраў. Ратуша перажыла дзьве айчынныя вайны і адну грамадзянскую, аднак перажыць савецкую ўладу ёй не давялося, і ў 1957 годзе яе ўзарвалі і зруйнавалі.

Цяпер на тым жа месцы – гэта, дарэчы, самае высокае месца ў горадзе на Архіерэйскім валу – Ратушу будуць аднаўляць. Мяркуецца, што там разьмесьціцца грамадзкая прыёмная кіраўніка Магілёва. Паводле плянаў, адбудзецца гэта напэўна ў 2007-м годзе. Зь вежы будзе бачны ўвесь горад, як і сама вежа будзе бачная зь любой ускраіны Магілёва.

Некаторыя магілёўцы называлі месца, дзе мяркуецца пабудаваць Ратушу, антыпомнікам, які дэманструе стаўленьне ўлады да гісторыі і будучыні народу. Цяпер там знаходзіцца проста яміна са сьмецьцем. Хаця за пустазельлем, відаць, схаваныя сымбалічныя камяні аднаўленьня Ратушы, закладзеныя ў пачатку 90-х гадоў. Ратушу тады хацелі аднавіць як сымбаль перабудовы, пераменаў, рэформаў, аднак рашэньне не было як сьлед пралічана, і ў дэмакратаў не хапіла грошай.

Віталь Васількоў, які цяпер узначальвае фонд “Садзейнічаньне ўстойліваму разьвіцьцю”, меў да плянаў 90-х непасрэднае дачыненьне: ён працаваў у гарвыканкаме. Спадар Васількоў па-ранейшаму бачыць у Ратушы сымбаль адраджэньня, і асабіста для яго не важна, якая ўлада адбудуе яго – галоўнае, што адбудуе.

(Васількоў: ) “З гэтым можна сапраўды зьвязаць будучае, што ў нас наперадзе. Вядома, што гэты рэжым ня вечны, і той, у каго ёсьць аптымізм, павінен вітаць гэтае рашэньне – няхай сёньняшняй улады, але гэта не будаўніцтва чарговага Лядовага палаца. Гэта будоўля павінна стаць сымбалічнай для горада”.

Група архітэктараў пачала працу над праектнай дакумэнтацыяй, і, паводле інфармацыі магілёўскай прэсы, толькі яна будзе каштаваць прыкладна 60 мільёнаў рублёў.

Канечне, праект аднаўленьня Ратушы будзе нятанным. І з гэтым зьвязаныя перасьцярогі магілёўцаў. Іх меркаваньні наконт Ратушы падзяліліся, але больш усё ж тых, хто лічыць, што ў горада ёсьць і іншыя, больш важкія праблемы.

(Спадарыня: ) “Гэта культурныя каштоўнасьці народу. Нібыта і патрэбныя, але пры нашым недахопе фінансавых сродкаў, па-мойму, гэта несвоечасова”.

(Спадар: ) “Калі будзе прыгожа, то я не супраць. Таму што горад у нас прыгажэе, я так мяркую, і чым далей, тым лепей становіцца”.

(Спадар: ) “Калі грошы не раскрадуць, а пабудуюць што-небудзь – напэўна, патрэбная справа”.

(Спадарыня: ) “А ці ёсьць сэнс? Мне падаецца, што ёсьць нашмат большыя важныя праблемы ў горадзе. Мне падаецца, што можна было б грошы аддаць і на іншае, а гэта – у лепшыя часіны”.

(Спадар: ) “У першую чаргу трэба накарміць народ, а потым грандыёзныя будоўлі – Ратушы і таму падобнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG