Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: Пуцін зблытаў карты Лукашэнку


Міхал Стэльмак, Менск Агляд рэгіянальнага друку

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары аналізуе сытуацыю вакол магчымага абвяшчэньня Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму пра падоўжаньне сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Як вынікае з публікацыі, найбольш спрыяльнай датай для гэтага было 2 ліпеня. Такому палітычнаму сцэнару была падпарадкаваная паўгадавая падрыхтоўка і маштабнае сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў. Аднак гэтая задума, паводле “Народнай волі”, была разбураная тонкім крокам расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Кароткатэрміновае знаходжаньне Пуціна й украінскага лідэра Леаніда Кучмы ў начной Хатыні зблытала Лукашэнку карты. Пуцін не сказаў яму ніводнага слова ўхваленьня за прыведзеныя ў парадак помнікі і арганізацыю сьвята. І зараз, як зазначае менскае выданьне, упершыню закрадаецца сумнеў наконт волі Лукашэнкі абвясьціць рэфэрэндум пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

Газэта “Брэсцкі кур’ер” паведамляе пра незаконны збор грошай у мясцовы бюджэт з жыхароў Бярозаўскага раёну. Рашэньне пра гэты збор, які вагаўся ад 9, 5 тысяч рублёў да 38 тысяч, летась прыняў Бярозаўскі райсавет. За кошт яго бюджэт раёна мог разьлічваць на атрыманьне дадатковых 180 мільёнаў рублёў. Аднак, як высьветлілі дэпутат Белаазёрскага гарсавету, старшыня Берасьцейскай абласной рады Партыі БНФ Юрась Губарэвіч і дэпутат Бярозаўскага райсавету Яўген Пракурат, рашэньне бярозаўскіх уладаў супярэчыць дзеючаму заканадаўству. Яны дапамаглі мясцовым жыхарам прыпыніць гэты збор. Больш таго, зараз рыхтуецца ініцыятыва, каб раённыя ўлады вярнулі мясцовым жыхарам грошы, якія былі сабраныя ў выніку незаконных дзеяньняў.

У гэтым жа нумары “Брэсцкі кур’ер” інфармуе сваіх чытачоў пра канфлікт супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі і берасьцейскіх кіроўцаў маршрутных таксі. Спрэчку справакавала патрабаваньне “даішнікаў”, каб “маршруткі” мелі арыгінальныя сядзеньні, у той час як большасьць іх зараз скамплектаваная сядзеньнямі іншых вытворцаў. Супрацоўнікі ДАІ тлумачаць сваю ініцыятыву патрабаваньнем бясьпекі пасажыраў. У сваю чаргу, як сьцьвярджаюць уладальнікі “маршрутак”, перакамплектацыя аўтамабіляў на гэтую бясьпеку аніяк не ўплывае.

Газэта “Віцебскі кур’ер” зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў на Шагалаўскія дні, што пачаліся ў Віцебску. У праграме гэтай культурніцкай падзеі – даклады пра Марка Шагала, якія зробяць замежныя навукоўцы. Мяркуецца, што падчас Шагалаўскіх чытаньняў прыхільнікі славутага мастака будуць азнаёмленыя з новымі дасьледаваньнямі яго творчасьці.

Менскі штотыднёвік “Свободные новости” прапануе сваім чытачам “Лета з Барадуліным” – нізку твораў народнага паэта, якія прагучалі ў эфіры Радыё Свабода. Гэтая публікацыя – першая газэтная вэрсія барадулінскіх радыёабразкоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG