Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі столькі асуджаных па адміністрацыйных справах?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыйнае заканадаўства ў Беларусі ёсьць сродкам палітычнага ўціску і захаваньня рэжыму. Гэткую выснову зрабілі праваабаронцы цэнтру “Вясна” на падставе дасьледаваньняў адміністрацыйных працэсаў у беларускіх судах.

Звыш мільёну адміністрацыйных парушэньняў фіксуецца штогод у Беларусі, дзе пражывае менш за 10 мільёнаў чалавек. Ці цалкам выконваюць судзьдзі закон падчас разгляду адміністрацыйных справаў, ці не адстае ад патрэбаў часу гэтае заканадаўства?

Такімі пытаньнямі задаліся дасьледчыкі з праваабарончага цэнтру “Вясна”. Цягам дзесяці дзён яны назіралі за паловай адміністрацыйных працэсаў у судах Менску, Берасьця, Віцебску, Полацку і Наваполацку. Вынікі назіраньняў зьмешчаныя ў маніторынгу, які дашлюць усім адміністрацыйным судзьдзям краіны, а іх у Беларусі больш як 300. Выяўлена шмат сыстэмных парушэньняў закону. Прычым, паводле праваабаронцаў, судзьдзі часта сьвядома не звяртаюць на закон увагі.

Адзін з дасьледчыкаў, намесьнік старшыні БНФ Алесь Міхалевіч сёлета сам стаў ахвярай такога падыходу. Яго пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту за арганізацыю Чарнобыльскага шляху.

(Міхалевіч: ) “Суд проста ня браў пад увагу мае аргумэнты адносна таго, што Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ня даў у адпаведнасьці з законам дазволу альбо забароны на правядзеньне шэсьця. Такім чынам, закон парушыў камітэт, але для суду гэта ня стала аргумэнтам”.

Праваабаронцы пераканаліся, што ахвярамі грубых парушэньняў закону становяцца і людзі, ніяк не зьвязаныя з палітыкай. Назіральнікі згадалі працэсы, якія цягнуліся ўсяго некалькі хвілінаў, паводле схемы “Вінаваты?” — “Так”. — “Атрымай штраф”. Пры гэтым парушальнікам не тлумачылі іх правоў, не нагадвалі пра адваката, які мог хаця бы аблегчыць пакараньне.

Праваабаронцы з цэнтру “Вясна” рэкамэндуюць цалкам адмяніць завочнае асуджэньне, увесьці магчымасьць касацыйнага перагляду адміністрацыйных справаў, зьмяніць формы пратаколаў. Таксама ў шэрагу прапановаў — істотнае зьмяншэньне памераў штрафаў.

(Чавусаў: ) “Цяпер адміністрацыйнае заканадаўства, адміністрацыйны працэс — гэта ня сродак падтрыманьня парадку ў грамадзтве, а сродак захаваньня існага палітычнага рэжыму і сродак задавальненьня эканамічных памкненьняў дзяржавы”, — лічыць праваабаронца Юры Чавусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG