Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прапанавалі трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну Ўладзімеру Парфяновічу выйсьці з Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Аднаму з самых выбітных спартоўцаў сьвету, трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну ў веславаньні Ўладзімеру Парфяновічу ўлады прапанавалі напісаць заяву пра тое, што ён па ўласным жаданьні выходзіць са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Чаму такая прапанова ўзьнікла наогул і чаму менавіта цяпер?

На пятніцу ў Менску заплянаванае паседжаньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Мяркуецца, што ў ім будзе ўдзельнічаць і прэзыдэнт гэтай грамадзкай арганізацыі Аляксандр Лукашэнка. Менавіта з гэтым і зьвязвае прапанову, якая паступіла да яго, сам Уладзімер Парфяновіч. Ён мяркуе, што людзі, якія размаўлялі зь ім, выконвалі загад двойчы прэзыдэнта: краіны і алімпійскага камітэту. А пра тое, як гэта адбывалася, распавядае асабіста славуты спартовец, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў:

(Парфяновіч: ) “Выклікаў мяне віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў і папрасіў, каб я напісаў заяву аб выхадзе са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту. На гэта я яму адказаў: я ніколі такой заявы не напішу, ад мяне яе не дачакаюцца. Я ніколі не быў баязьліўцам і не буду ім. Таму ніякі ўплыў на мяне не падзейнічае. Тады ён папрасіў, каб я зьезьдзіў да спадара Сівакова – міністра спорту”.

Паводле спадара Парфяновіча, міністар паводзіў сябе яшчэ больш жорстка, чым спадар Канаплёў. Міністар казаў, што ўлады маюць нейкі кампрамат на славутага чэмпіёна. Але Ўладзімер Парфяновіч сьцьвярджае, што ён ніколі нічога не рабіў насуперак свайму сумленьню. Зразумела, я пацікавіўся ў спадара Парфяновіча, ці не баіцца ён такога ціску з боку ўладаў?

(Парфяновіч: ) “Ціснуць на мяне бессэнсоўна. Я не паддаюся на нейкія ціскі. Я таксама ўпэўнены, што ўлады ня пойдуць на падобныя захады, як гэта было з маім калегам па дэпутацкай групе Валерам Фраловым. Калі нешта непрыемнае са мной здарыцца, то я не выключаю, што Міжнародны алімпійскі камітэт зробіць адпаведныя захады адносна беларускай алімпійскай каманды. Таму я на сёньняшні дзень адчуваю сябе вельмі спакойна. Пакуль ня скончацца алімпійскія гульні, ніхто да мяне і пальцам не дакранецца”.

І яшчэ ад Уладзімера Парфяновіча мы даведаліся, што многім спартовым зоркам Беларусі не падабаецца тая атмасфэра, што пануе ў краіне. Яны неаднаразова, асабліва падчас галадоўкі, выказвалі спадару Парфяновічу сваю падтрымку.

(Парфяновіч: ) “Алімпійскія чэмпіёны тэлефанавалі і падтрымлівалі. Таму я вельмі ўдзячны, што гэтыя нашыя хлопцы заўсёды маюць сваю думку пра разьвіцьцё становішча ў Беларусі. Таму мне гэта вельмі прыемна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG