Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму падпалкоўнік Аляксандар Лукашэнка носіць форму, падобную да маршальскай?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Калі Лукашэнка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, ён меў вайсковае званьне старшага лейтэнанту запасу. Тое, што цяпер Лукашэнка выходзіць на людзі ў мундзіры, падобным да маршальскага, шмат хто ў Беларусі лічыць ня толькі нясьціпласьцю, але і незаконнымі дзеяньнямі. Сапраўднае вайсковае званьне кіраўніка значна ніжэйшае нават за генэральскае.

Фуражка з залатым аколкам, шырокія генэральскія лямпасы на штанах, з залатымі стужкамі на манжэтах, пагоны ўпрыгожаныя дзяржаўным гербам — Аляксандар Лукашэнка не ўпершыню зьяўляецца ў такой форме, якая амаль дакладна паўтарае узор маршальскай формы часу Брэжнева.

Між тым, Лукашэнка ня маршал і нават не генэрал. Пра гэта ведаюць сапраўдныя генэралы ды вайскоўцы і справядліва абураюцца. Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі распавядае пра такую рэакцыю людзей пасьля параду 3 ліпеня:

(Казлоўскі: ) “Вайскоўцы і вэтэраны, якія ўбачылі на трыбуне Лукашэнку ў вайсковай форме, у такой вайсковай форме, былі вельмі зьдзіўленыя. Многія тэлефанавалі мне. Чаму нейкі строй, ці як яго назваць, надзеў чалавек, які ня мае гэтага званьня?”

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі дакладна ня ведаў, якое вайсковае званьне цяпер мае Аляксандар Лукашэнка. Павал Казлоўскі чуў толькі, што некалькі гадоў таму кіраўнік дзяржавы быў маёрам запасу.

“Цяпер ён падпалкоўнік запасу”, — упэўнена паведаміла мне прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч. Аднак нечакана яна спыніла мае спробы высьветліць, якім дакумэнтам зацьверджаная форма, у якой Лукашэнка зьявіўся на парадзе:

(Пяткевіч: ) “Уся вайсковая форма ў краіне зацьверджаная”.

(Карэспандэнт: ) “А якім дакумэнтам зацьверджаная вось гэтая форма?”

(Пяткевіч: ) “Агульным дакумэнтам, як і ўся астатняя вайсковая форма, якая ёсьць у краіне”.

(Карэспандэнт: ) “Тут, відаць, ня ўсё гэтак…”

Натальля Пяткевіч кінула слухаўку.

У Міністэрстве абароны мне гэтак і ня здолелі назваць дакумэнту, якім зацьверджаная вайсковая форма Аляксандра Лукашэнкі. Начальнік інфармацыйнага ўпраўленьня Ўладзімер Макараў назваў яе формай галоўнакамандуючага, а за падрабязнасьцямі адправіў у прэсавую службу міністэрства. Там, аднак, накіравалі да прэсавай службы Лукашэнкі. Кола замкнулася.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мечыслаў Грыб добра памятае час, калі прымаўся закон аб вайсковай службе, зацьвярджаліся вайсковыя званьні і ўзоры мундзіраў. Гэта было ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Дэпутат Аляксандар Лукашэнка тады меў званьне старшага лейтэнанта памежных войскаў у запасе, згадвае Мечыслаў Грыб. У Канстытуцыі 1994 году, якую прынялі пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба, упершыню зьявіўся запіс, што прэзыдэнт ёсьць і галоўнакамандуючым беларускім войскам. Аднак ніякага асобнага званьня ці мундзіра для галоўнакамандуючага не прымалі, кажа Мечыслаў Грыб.

З таго часу найвышэйшым вайсковым званьнем у Беларусі застаецца генэрал-палкоўнік. Форма для генэрал-палкоўніка –– звычайная генэральская з трыма зоркамі на пагонах. Пагонаў з гербам гэтым законам і вайсковым статутам увогуле не прадугледжана.

(Грыб: ) “Гэта ўсё самадзейнасьць, гэта дзяцінства. Навошта чалавеку, які і без таго кіруе ўсімі і ўсім, яшчэ ўпрыгожваць сябе генэральскімі лямпасамі?”— лічыць Мечыслаў Грыб.

Паводле генэрал-палкоўніка Паўла Казлоўскага, выкарыстаньне ў іншай форме такіх элемэнтаў, як чырвоныя лямпасы, упрыгожаныя золатам закаўрашы ды іншыя прыкметы генэральскай формы, ёсьць парушэньнем вайсковага статуту. За гэтым мусіць сачыць галоўны вайсковы камэндант Менску. Ён мусіць накладаць на парушальніка пэўныя пакараньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG