Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт музычных кампактаў, у тым ліку і айчынных, падвышаецца – з-за аўтарскіх правоў


Галіна Абакунчык, Менск Ад ліпеня ў Беларусі ў 2,5-3 разы падвышаныя кошты на музычныя кампакт-дыскі айчыннай і замежнай вытворчасьці. Калі раней адзін аўдыядыск каштаваў 5 тысячаў рублёў, то цяпер мінімальны кошт складае 13-15 тысячаў беларускіх рублёў за адзінку. Падаражэньне “кампактаў” адмыслоўцы тлумачаць рознымі прычынамі, а ў спажыўцоў гэты факт выклікаў хвалю абурэньня. З чым зьвязаны рост коштаў і як гэта адаб’ецца на пакупніцкім попыце?

Адмыслоўцы кажуць, што ўмовы працы на айчынным музычным рынку сёньня залежаць ад расейскага шоў-бізнэсу, дзе апошнім часам пільнуюць аўтарскія правы. Там абвешчаная вайна пірацкай прадукцыі, а ліцэнзійная каштуе большых грошай.

Гэтак і ў Беларусі: ад ліпеня тут распачало працу прадстаўніцтва міжнароднай кампаніі IFPI, якая абараняе аўтарскія правы. Таму напярэдадні многія кампаніі, каб пазбавіцца пірацкіх кампакт-дыскаў, абвясьцілі іхны распродаж па 3 тысячы рублёў за штуку. Тыя што не разыйшліся – былі адпраўленыя “пад бульдозэр”, як сказаў у інтэрвію Радыё Свабода прадстаўнік менскай крамы “Містэрыя гуку” Аляксандр Шлык. Цяпер гэтая крама гандлюе выключна фірмовай прадукцыяй, хоць гэта й зьменшыла колькасьць пакупнікоў.

(Шлык: ) “Безумоўна, гэта вельмі зьнізіла ўзровень продажу дыскаў, многія сварацца. Проста людзі не разумеюць што гэтыя дыскі больш якасныя й дабротныя. А па вялікаму рахунку, мы вельмі задаволеныя, што перайшлі на ліцэнзійны рынак. Бо раней было мноства пытаньняў, калі тыя ж людзі прыходзілі, набывалі дыскі, а потым прыносілі з-за таго, што там – няякасны запіс, абрываецца песьня, ці там кепскі гук. Цяпер гэтых пытаньняў ня будзе”.

Але ці гарантаваная пакупнікам якасьць прадукцыі, набытай у больш дробных ці прыватных распаўсюднікаў? Адмыслоўцы не выключаюць магчымасьці, што могуць знайсьціся й недобрасумленныя распаўсюднікі, якія захочуць за большыя грошы збыць тую ж пірацкую прадукцыю. Таму, набываючы кампакт-дыскі, пакупнікі мусяць быць вельмі пільнымі.

Новыя ўмовы працы таксама паўплываюць на прадукцыю айчыннай вытворчасьці. Адзін з заўзятараў айчыннага шоў-бізнэсу, кіраўнік кампаніі Беларуская музычная альтэрнатыва Віталь Супрановіч кажа, што кампакт-дыскі з запісамі беларускіх гуртоў, якія яны выпускаюць, гэтаксама падаражэюць, хоць яны ніколі пірацкімі й не былі. Ён тлумачыць гэткае становішча тым, што цяпер выдаўцы мусяць плаціць адсотак ад продажу “кампактаў” Рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству інтэлектуальнай уласнасьці, якое нібыта кантралюе захаваньне аўтарскіх правоў. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе спадар Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Мне, напрыклад, не зразумелая дзейнасьць гэтай арганізацыі. Да прыкладу, праводзяцца канцэрты беларускіх гуртоў, і яны хочуць атрымоўваць адсотак ад продажу квіткоў. Але калі мы працуем напрамую зь нейкім гуртом, то чаму мы павінныя пералічваць грошы? Альбо калі мы выдаем дыск нейкага гурта, то мы дамаўляемся з музыкамі гэтаксама напрамую. Навошта нам гэткія пасярэднікі? Яны лезуць у тыя сфэры, дзе аўтарскія правы не парушаюцца”.

Гэткім чынам, паводле спадара Супрановіча, музычныя кампакт-дыскі з запісамі беларускіх выканаўцаў гэтаксама страцяць частку сваіх спажыўцоў. І тым ня менш гэты рынак, натуральна ж, не загіне, а будзе разьвівацца й надалей, бо папулярнасьць беларускіх музыкаў сярод моладзі з кожным годам толькі павялічваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG