Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс грамадзкага абвінаваўцы па Беларусі накіраваў папярэджаньне Лідзіі Ярмошынай


Уладзімер Глод, Менск 5 ліпеня з Офісу, які месьціцца ў нямецкім горадзе Эстлінгене і які ўзначальвае ўдава вядомага беларускага палітыка Генадзя Карпенкі Людміла Карпенка, у Беларусь накіравана 70 пісьмовых папярэджаньняў аб крымінальнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб выбарах.

Атрымальнікі лістоў розныя – ад старшыні Цэнтрвыбаркаму да службовых асобаў выканкамаў рознага ўзроўню, якія адказныя за арганізацыю і правядзеньне выбарчых кампаніяў. Першапачаткова адабралі 70 асобаў, што трапілі ў сьпіс найцяжэйшых парушальнікаў Выбарчага кодэксу падчас парлямэнцкіх (2000 год) і прэзыдэнцкіх (2001 год) выбараў. Сьпіс гэты падрыхтаваны незалежнымі грамадзкімі назіральнікамі.

Людміла Карпенка нагадвае, што паводле беларускіх законаў (артыкул 192 Крымінальнага кодэксу) прадугледжваецца адказнасьць за падмену дакумэнтаў, парушэньне таемнасьці галасаваньня, няправільны падлік галасоў і іншыя парушэньні:

(Карпенка: ) “Да мяне паступілі сьпісы тых, хто парушаў выбарчае заканадаўства ў мінулыя гады. Па гэтых парушэньнях Беларускі Хэльсынскі камітэт ужо спрабаваў прыцягнуць парушальнікаў да адказнасьці. Але ні суды, ні пракуратура не адрэагавалі на гэтыя відавочныя парушэньні. Цяпер я накіроўваю ім папярэджаньні. Яны павінны ведаць, што іх чакае за парушэньні заканадаўства ў будучым”.

Папярэджаньне за №1 пайшло на адрас старшыні Цэнтрвыбаркаму. Лідзія Ярмошына гаворыць, што яна ніякага папярэджаньня не атрымлівала:

(Ярмошына: ) “Перадусім, яны ня маюць права пасылаць усялякія папярэджаньні. Хто яны такія, каб папярэджваць? Зьвярнуцца, як прыватная асоба, яна можа да любога, каго захоча. Ну, накіруюць, ну што? Па-першае, усё залежыць яшчэ ад зьместу. Калі там будуць элемэнты нейкага ціску, нейкага запалохваньня, то гэта абсалютна інакш усё будзе. Канешне, трэба будзе глядзець, што ўяўляе з сябе гэтая папера”.

Спадарыня Карпенка ўдакладніла, што папярэджаньні накіроўваюцца не праз факс, а выключна адмысловым лістом зь інфармаваньнем адрасата. Таму, на яе думку, яны дойдуць у Беларусь толькі празь некалькі дзён.

Я спытаў Людмілу Карпенку, чаму з трох галоўных накірункаў працы Офісу – справы зьніклых палітыкаў, канстытуцыйны пераварот у лістападзе 1996 году, парушэньне выбарчага заканадаўства – пачынаюць з выбараў. Паводле яе адказу, прысьпяшае час:

(Карпенка: ) “Сёлета ў кастрычніку адбудуцца чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Тыя, хто цікавіцца і сочыць за палітыкай, зьвязваюць свае надзеі з тым, што ў палату змогуць прыйсьці дэмакратычныя дэпутаты. Але вядома, што ўлада прымушае старшыняў выбарчых камісіяў скажаць вынікі галасаваньня. Мы паспрабуем папярэдзіць тых, хто ў мясцовых органах улады адказвае за правядзеньне выбарчых кампаніяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG