Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошай на новыя касьцюмы ўсім вэтэранам вайны ў Міністэрства абароны не хапіла


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Міністэрства абароны выказала задавальненьне, што самы буйны ў гісторыі сучаснай Беларусі ваенны парад абышоўся без эксцэсаў, а некалькі дзясяткаў вэтэранаў вайны атрымалі на памяць адмыслова пашытыя да імпрэзы касьцюмы. Упершыню за 60 пасьляваенных гадоў вэтэранаў імкнуліся прывесьці да агульнага ўзору.

На экранах тэлевізараў і ў часе параду некалькі дзясяткаў людзей сталага веку былі апранутыя ў аднолькавыя цывільныя касьцюмы. Праўда, абноўкі атрымалі ня ўсе вэтэраны, запрошаныя на ўрачыстасьці з нагоды 60-й гадавіны вызваленьня Беларусі. У Міністэрства абароны хапіла грошай толькі на тых, хто атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі юбілейныя мэдалі і ехаў перад трыбунай Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі ў кузаве рарытэтнага аўтамабілю. Вось што сказаў прадстаўнік Міністэрства абароны Леанід Захаранка:

(Захаранка: ) “Гэта была замова, натуральна: вэтэранам цалкам пашылі касьцюмы, з кожнага мерку папярэдне зьнялі. Гэта ніякая не тэатральная бутафорыя, а нармалёвы касьцюм франтавіка. І яшчэ рабілася з мэтай, каб вэтэраны неяк выбіваліся на тле астатніх. Нармалёва, добра было”.

Удалося высьветліць, што касьцюмы вэтэранам шылі ў сталічным “Доме вайсковай вопраткі”. Супрацоўніца атэлье патлумачыла, што пасьля параду адзеньне засталося ў асабістых гардэробах вэтэранаў.

(Супрацоўніца атэлье: ) “Паводле замовы Міністэрства абароны ў нас абшываўся 21 чалавек — 2 жанчыны і 19 мужчынаў. Шылі мы не вайсковую форму, а цывільныя касьцюмы: белыя пінжакі, цёмна-сінія порткі, падбіралі кашулі, чаравікі, кепкі мужчынам і барэты жанчынам. Людзі вельмі задаволеныя: мы пагонаў не прышывалі, таму можна апранаць касьцюмы ня толькі з нагоды парадаў. Дарэчы, усю тканіну Міністэрства абароны прывезла сваю. Пашыў каштаваў у сярэднім 150 тысяч рублёў, але плюс яшчэ цана матар’ялу, чаравікаў, кашуляў — усё гэта было коштам міністэрства. Яны нам ўсё гэта прывезьлі, і мы проста камбінавалі”.

(Карэспандэнт: ) “А форму Галоўнакамандуючага для прэзыдэнта Лукашэнкі выпадкова ня ваша атэлье шыла?”

(Супрацоўніца атэлье: ) “У нас абшываюцца ад генэралаў і крыху ніжэй рангам. Але існуе адмысловае прэзыдэнцкае гатэлье, там робяцца спэцзамовы”.

Сярод вэтэранаў апошняй вайны нямала тых, каму ня толькі не пашылі сьвяточных касьцюмаў, але нават не ўручылі юбілейных мэдалёў. Колісь аблашчаны ўладамі народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі сёньня на ўлады моцна пакрыўджаны:

(Савіцкі: ) “Ня думаю, каб мне зьбіраліся штосьці даваць. Я зь ліку людзей, якія цяпер нікому не патрэбныя. Мэдалі атрымалі, пэўна, тыя, хто заслужыў. А я, адпрацаваўшы ўсё жыцьцё без адпачынкаў, без выходных, бязь сьвятаў, мэдаля не заслужыў. Забыліся, бо я салдат, а памятаюць толькі афіцэраў. А я адваяваў у Севастопалі ўсю абарону… Я ўвогуле рады, што хоць нехта мне затэлефанаваў”.

Робячы больш агульную выснову са словаў спадара Савіцкага, можна меркаваць, што да наступнага пасьляваеннага юбілею тая невялікая колькасьць вэтэранаў, якая яшчэ застаецца жыць, будзе цікавіць дзяржаву ў нязначнай ступені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG